Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Падчас візіту ў Турцыю Папа заклікаў хрысціян і мусульман супрацоўнічаць на карысць міру
Святы Айцец
29.11.2014 15:20

Пра неабходнасць супольнай дзейнасці мусульман і хрысціян на карысць развіцця і міру казаў Папа Францішак падчас візіту ва ўпраўленне па рэлігійных справах Турэцкай Рэспублікі (Дыянет) – самы высокі дзяржаўны орган суніцкай мусульманскай большасці, які займаецца каардынаваннем дзейнасці рэлігійных арганізацый у краіне.

Звяртаючыся да кіраўніка ўпраўлення прафесара Мехмета Гёрмеза, Святы Айцец падкрэсліў, што добрыя адносіны і дыялог паміж хрысціянскімі і мусульманскімі лідарамі ўяўляюць сабой яснае пасланне да гэтых супольнасцяў аб тым, што ўзаемная павага і сяброўства магчымыя, нягледзячы на адметнасці. Гэтае пасланне асабліва каштоўнае сёння, калі цэлыя народы пакутуюць ад войнаў, напружанасці, міжэтнічных і міжрэлігійных канфліктаў і іншых бедстваў, дадаў Пантыфік.

Гаворачы пра трагічную сітуацыю ў Сірыі і Іраку, Папа адзначыў, што па прычыне дзейнасці адной экстрэмісцкай і фундаменталісцкай групоўкі пакутуюць цэлыя супольнасці, асабліва хрысціяне і язіды. “У якасці рэлігійных лідараў мы маем абавязак асудзіць насілле над годнасцю і правамі чалавека. Жыццё чалавека – дар Бога Стварыцеля – мае сакральны характар”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Пантыфік адзначыў важнасць супольных намаганняў, накіраваных на пошук выйсця з сітуацыі. Гэта, па словах Святога Айца, патрабуе супрацоўніцтва паміж усімі зацікаўленымі бакамі: палітычнымі і рэлігійнымі лідарамі, прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці, усімі людзьмі добрай волі. Адказнасць у першую чаргу ляжыць на рэлігійных супольнасцях, дадаў Папа. Шчырае жыццё згода з супольнымі духоўнымі скарбамі хрысціян і мусульман можа перамяніць жыццё і даць надзейную аснову годнасці і братэрству паміж людзьмі, адзначыў Святы Айцец.

Пантыфік выказаў задавальненне добрымі адносінамі паміж турэцкім упраўленнем па рэлігійных справах і Папскай радай па міжрэлігійным дыялогу, адзначыўшы, што гэта знак надзеі для свету, які вельмі патрабуе міру, бяспекі і росквіту.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.