З пакорай дазволіць Святому Духу кіраваць сабой, каб усё больш пераўзыходзіць непаразуменні, падзелы і супярэчнасці і быць пераканаўчымі знакамі адзінства і міру, заклікаў Папа Францішак падчас Эўхарыстыі ў катэдральным касцёле Стамбула, якую цэлебраваў 29 лістапада ў межах свайго апостальскага падарожжа ў Турцыю.
На літургіі прысутнічалі Патрыярх Канстанцінопальскі Барталамей, Патрыярх сіра-каталіцкай Царквы Ігнацый ІІІ Юнан, вікарый Армянскай Патрыярхіі Канстанцінопаля архіепіскап Арам Ацешан, іншыя мясцовыя іерархі і лідары пратэстанцкіх супольнасцяў.
У гаміліі Святы Айцец нагадаў, што шматлікія харызматы, прысутныя ў Паўсюдным Касцёле, складаюць адно дзякуючы гарманізуючай дзейнасці Святога Духа. “Святы Дух чыніць адзінства ў Касцёле: адзінства ў веры, у любові, ва ўнутранай еднасці. Касцёл і Цэрквы пакліканы дазволіць Святому Духу кіраваць сабой, становячыся адкрытымі, паслухмянымі і пакорнымі”, - сказаў Папа.
Пантыфік нагадаў, што Святы Дух заўсёды падштурхоўвае рушыць наперад, але чалавеку больш камфортна прабываць у статычным і нязменным стане. “Касцёл сведчыць аб сваёй вернасці Святому Духу ў той меры, у якой не мае прэтэнзій на кіраванне Ім і Яго падпарадкаванне”, - падкрэсліў Папа.
Цвёрдая ўпартасць ва ўласных ідэях і перакананнях, амбіцыі і ганарыстасць перашкаджаюць, па словах Пантыфіка, па-сапраўднаму разумець іншых і адкрывацца на шчыры дыялог з імі. Полымя Святога Духа, дадаў Папа, распальвае сэрца, а не напаўняе розум ідэямі; надзяляе не сілай, але здольнасцю служэння ў любові; дае магчымасць казаць мовай, якую зможа зразумець кожны.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|