Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У межах візіту ў Турцыю Папа прысутнічаў на праваслаўнай Боскай літургіі
Святы Айцец
30.11.2014 16:20

30 лістапада ў межах свайго візіту ў Турцыю Папа Францішак прысутнічаў на Боскай літургіі ў царкве св. Георгія на тэрыторыі рэзідэнцыі Канстанцінопальскага Патрыярхату. Пантыфік звярнуўся да прысутных з прамовай.

Папа прызнаўся, што, будучы арцыбіскупам Буэнас-Айрэса, неаднойчы прысутнічаў на літургіі праваслаўных супольнасцяў гэтага горада, але магчымасць адзначаць свята апостала Андрэя ў царкве Экуменічнага Патрыярхату назваў асаблівай ласкай, якой Пан адарыў яго. «Сустракацца, глядзець у аблічча адзін аднаго, абменьвацца абдымкамі супакою, маліцца адзін за аднаго — гэта ўсё мае сутнасна важнае вымярэнне на шляху да аднаўлення поўнага адзінства», — сказаў Пантыфік. Іншым важным элементам гэтага шляху Святы Айцец назваў тэалагічны дыялог, падкрэсліўшы, што «сапраўдны дыялог — гэта заўсёды сустрэча паміж людзьмі з імем, абліччам, гісторыяй, а не толькі параўнанне ідэй».

Хрысціянскае пасланне, дадаў Папа, распаўсюджваецца дзякуючы асобам, якія, будучы закаханыя ў Хрыста, не могуць не дзяліцца Ім з радасцю, якая выплывае з адчування сябе ўмілаванымі і збаўленымі: гэта пацвярджае прыклад св. Андрэя, які падзяліўся радасцю сустрэчы з Хрыстом са сваім братам Сымонам.

Гаворачы пра развіццё экуменічных адносін паміж католікамі і праваслаўнымі, Папа падкрэсліў, што «аднаўленне поўнай еднасці не азначае ні падпарадкавання аднаго іншаму, ні паглынання, але наадварот, прыняцце ўсіх дароў, якімі Пан адарыў кожнага, каб паказаць усяму свету вялікую таямніцу збаўлення». Для дасягнення адзінства Каталіцкі Касцёл, як адзначыў Пантыфік, «не мае намеру накладваць ніякіх іншых умоваў, акрамя вызнання супольнай веры».

Святы Айцец заклікаў Патрыярха Канстанцінопальскага супольна адказваць на глабальныя праблемы беднасці, войнаў і канфліктаў, нявер’я сярод моладзі.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.