Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак і Патрыярх Барталамей падпісалі супольную экуменічную дэкларацыю
Святы Айцец
30.11.2014 16:31

Папа Францішак і Патрыярх Канстанцінопальскі Барталамей намераны «працягваць крочыць разам, каб з любоўю і даверам пераадолець перашкоды», існуючыя паміж Цэрквамі. Пра гэта гаворыцца ў супольнай экуменічнай дэкларацыі, падпісанай імі ў сядзібе Канстанцінопальскага Патрыярхату 30 лістапада.

«Выказваем наша рашучае жаданне, у паслухмянасці волі нашага Пана Езуса Хрыста, павялічыць нашы намаганні на карысць поўнага адзінства паміж усімі хрысціянамі, перш за ўсё католікамі і праваслаўнымі», — гаворыцца ў дакуменце. Папа і Патрыярх выказалі падтрымку тэалагічнаму дыялогу, які развіваецца дзякуючы 35-гадовай працы Змешанай міжнароднай камісіі, у задачы якой уваходзіць разгляд «найбольш складаных пытанняў», якія пазначылі гісторыю дзвюх Цэркваў і патрабуюць «уважлівага і паглыбленага вывучэння».

Папа Францішак і Патрыярх Барталамей выказалі супольную заклапочанасць сітуацыяй у Іраку, Сірыі і на ўсім Блізкім Усходзе і заклікалі да мірнага вырашэння існуючых праблем. Яны звярнуліся да свету з заклікам дапамагчы пакутуючым супольнасцям, у тым ліку хрысціянскай. Нельга пагадзіцца з існаваннем Блізкага Усходу без хрысціян, якія вызнавалі тут сваю веру на працягу амаль 2000 гадоў, гаворыцца ў дакуменце.

У экуменічнай дэкларацыі Пантыфік і Патрыярх падкрэслілі каштоўнасць «экуменізму крыві». Адзначаецца, што супольныя штодзённыя пакуты могуць стаць для хрысціян плённай прыладай адзінства. Таксама ў дакуменце была падкрэслена важнасць канструктыўнага дыялогу з ісламам, заснаванага на ўзаемнай павазе і сяброўстве. Хрысціяне і мусульмане, гаворыцца ў дэкларацыі, пакліканы разам працаваць дзеля любові да справядлівасці, міру і павагі да годнасці і правоў кожнага чалавека, асабліва ў рэгіёнах, дзе яны ў міры жылі на працягу стагоддзяў, а зараз трагічна пакутуюць па прычыне жахаў вайны.

Папа і Патрыярх заклікалі ўсіх рэлігійных лідараў працягваць дыялог і прыкладаць намаганні на карысць будавання культуры міру і салідарнасці паміж людзьмі і народамі.

Заканчваецца дэкларацыя заклікам аб міры ва Украіне, «краіне са старажытнай хрысціянскай традыцыяй». Святы Айцец і Патрыярх Канстанцінопальскі заклікалі ўсе бакі супрацьстаяння «шукаць шляхі дыялогу і павагі да міжнароднага права, каб пакласці канец канфлікту, даючы ўсім украінцам магчымасць жыць у згодзе».

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.