Папа на пачатак Года кансэкраванага жыцця: «Выходзьце з вашага гнязда ў напрамку сучаснага чалавека» |
Святы Айцец
|
01.12.2014 12:37 |
30 лістапада ў Каталіцкім Касцёле пачаўся Год кансэкраванага жыцця. У ватыканскай базыліцы св. Пятра прайшла ўрачыстая Эўхарыстыя, якую ўзначаліў прэфект Кангрэгацыі па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця кардынал Жуан Браз дэ Авіс, а перад гэтым — малітоўнае чуванне ў базыліцы Санта Марыя Маджорэ, падчас якога Папа Францішак звярнуўся да кансэкраваных асобаў з відэапасланнем.
«Абудзіце свет!» — чарговы раз заклікаў Святы Айцец у відэапасланні. Папа падзякаваў Богу за каштоўны дар кансэкраванага жыцця і пажадаў, каб наступны год быў прысвечаны менавіта адкрыццю яго каштоўнасці. Пантыфік заклікаў кансэкраваных асобаў перамяніцца ў «жывую памяць аб спосабе існавання Езуса як Уцелаўлёнага Слова перад Айцом і братамі».
Дапамога ў выкананні гэтага задання, адзначыў Папа, знаходзіцца ў Евангеллі. Пантыфік заклікаў прыняць Евангелле ў якасці «формы жыцця» і выражаць у штодзённых жэстах прастаты і адпаведнасці, пераўзыходзячы спакусу ператварэння Евангелля ў ідэалогію. «Евангелле захавае “маладым” ваша жыццё і місію і зробіць іх актуальнымі і прывабнымі», — дадаў Святы Айцец.
Місія кансэкраваных асобаў, па словах Папы, павінна быць скіравана на перыферыі сучасных людзей — на сустрэчу з найбольш патрабуючымі і беднымі. «Выходзьце з вашага гнязда ў напрамку сучаснага чалавека. Для гэтага дазвольце Езусу сустрэць вас. Сустрэча з Ім падштурхне на сустрэчу з іншымі і прывядзе да найбольш патрабуючых і бедных», — падкрэсліў Святы Айцец.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|