У межах візіту ў Турцыю Папа сустрэўся з маладымі бежанцамі |
Святы Айцец
|
01.12.2014 14:32 |
Апошнім пунктам апостальскага падарожжа Папы Францішка ў Турцыю стала сустрэча з маладымі бежанцамі 30 лістапада. У сустрэчы з Пантыфікам прынялі ўдзел каля 50 мусульманскіх і хрысціянскіх юнакоў і дзяўчат з Сірыі, Ірака i некаторых рэгіёнаў Турцыі. Усе яны знайшлі прытулак у салезіянскім араторыі, які дзейнічае пры стамбульскім катэдральным касцёле.
Падчас сустрэчы Папа ў чарговы раз звярнуўся да міжнароднай супольнасці з заклікам не адносіцца з абыякавасцю да ўмоваў, у якіх вымушаны жыць бежанцы, пакласці канец прычынам, што прымушаюць людзей пакідаць свае дамы і блізкіх, і ствараць умовы для вяртання тых, хто пакінуў радзіму. «Я звяртаюся да палітычных лідараў, каб лічыліся з тым, што вялікая большасць іх народаў жадае міру, нават калі часам больш не мае сілы і голасу, каб прасіць аб ім!» — сказаў Пантыфік.
Святы Айцец заклікаў маладых бежанцаў не трапляць у роспач і з Божай дапамогай працягваць спадзявацца на лепшую будучыню, нягледзячы на цяжкасці і перашкоды, на якія яны вымушаны адказваць зараз.
Перш чым накіравацца ў аэрапорт, каб вярнуцца ў Рым, Пантыфік здзейсніў нечаканы візіт у адну са стамбульскіх бальніц, каб наведаць там цяжка хворага армянскага Патрыярха Стамбульскага і ўсёй Турцыі Месроба ІІ.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(AG)
|