Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак адказаў на пытанні журналістаў на шляху са Стамбула ў Рым
Святы Айцец
01.12.2014 14:43

Падчас пералёту са Стамбула ў Рым пасля апостальскага візіту ў Турцыю Папа Францішак па традыцыі паразмаўляў з журналістамі, якія суправаджалі яго на борце самалёта. Між іншым, Пантыфік адказаў на пытанне наконт перспектываў адносін Каталіцкага Касцёла і Рускай Праваслаўнай Царквы.

Папа сказаў, што скептычна адносіцца да тэалагічнага дыялогу, які, на яго думку, не прывядзе да жаданай еднасці. У сувязі з гэтым Пантыфік узгадаў пра Паўла VI, які з іроніяй прапаноўваў пакінуць усіх тэолагаў на востраве, каб яны разважалі аб адзінстве, а самім крочыць далей. «Адзінства — гэта шлях. Шлях, якім неабходна ісці. Шлях, якім трэба ісці супольна. Гэта духоўны экуменізм: маліцца разам, працаваць разам... шмат спраў міласэрнасці, ёсць шмат працы... вучыць разам... Ісці наперад разам», — сказаў Святы Айцец. Пантыфік адзначыў таксама каштоўнасць экуменізму крыві, дадаўшы, што хрысціянскія мучанікі, незалежна ад канфесійнай прыналежнасці, нібыта кажуць: «Мы ўсе адно. Мы ўжо прабываем у адзінстве, па духу і па крыві».

Святы Айцец сказаў, што ў любы момант гатовы сустрэцца з Патрыярхам Кірылам, і падобнае жаданне, на яго думку, існуе таксама з іншага боку. «Мы абодва жадаем сустрэцца і хочам крочыць наперад», — адзначыў Пантыфік. Папа выказаў гатоўнасць працягваць абмяркоўваць пытанне аб першаснасці Біскупа Рыма, каб знайсці ў гэтым пытанні кропкі пагаднення.

Адказваючы на пытанне пра ісламафобію, якая пашыраецца ў свеце, Святы Айцец падкрэсліў, што «Каран — гэта кніга міру», а іслам нельга атаясамліваць з тэрарызмам. Адначасова Папа адзначыў патрэбу ў асуджэнні дзейнасці ісламскіх фундаменталісцкіх груповак мусульманскімі лідарамі, як палітычнымі і навуковымі, так і рэлігійнымі.

Папа прызнаўся, што з задавальненнем наведаў бы Ірак, але зараз, на яго думку, гэта немагчыма. «Я, калі б паехаў туды ў гэты момант, стварыў бы дастаткова сур’ёзныя праблемы для ўладаў, звязаныя з бяспекай», — патлумачыў Пантыфік.

Святы Айцец у чарговы раз асудзіў квітнеючы сёння гандль зброяй, выказаў сумнеў у магчымасці вытворчасці хімічнай зброі ў Сірыі і задаўся пытаннем: хто мог прадаць яе? «Магчыма, хтосьці з тых, хто абвінавачваў у валоданні ёю? Не ведаю. Але наконт гэтых справаў са зброяй існуе вялікая таямніца», — сказаў Папа.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.