«Кожная чалавечая істота — мужчына, жанчына, хлопчык ці дзяўчынка — гэта вобраз Бога. Бог ёсць любоў і свабода, якія даюцца ў міжасабовых адносінах. Адсюль, усялякая чалавечая істота — вольны чалавек, якому наканавана існаваць на карысць іншым, у роўнасці і братэрстве», — сказаў Папа Францішак падчас цырымоніі падпісання Сумеснай дэкларацыі рэлігійных лідараў супраць рабства, якая прайшла 2 снежня ў Ватыкане.
Падпісанне дэкларацыі стала наступствам беспрэцэдэнтнага пагаднення паміж прадстаўнікамі асноўных рэлігій пад назвай «Global Freedom Network», якое было прэзентавана ў Ватыкане 17 сакавіка 2014 г. Яго мэтай з’яўляецца выкараненне сучаснага рабства і гандлю людзьмі ва ўсім свеце да 2020 г.
Пантыфік адзначыў падчас цырымоніі, што сучасныя формы рабства засноўваюцца на фізічным, эканамічным, сексуальным і псіхалагічным прыніжэнні, і гэтаму сёння падвяргаюцца мільёны людзей. «Кожны чалавек і ўсе людзі роўныя, і за імі павінна быць прызнана тая ж свабода і тая ж вартасць», — нагадаў Папа і дадаў, што любыя адносіны, якія супярэчаць гэтаму, з’яўляюцца злачынствам і агідай.
Святы Айцец назваў гандаль людзьмі, прымусовую працу, прастытуцыю і гандаль чалавечымі органамі злачынствамі супраць чалавечнасці, дадаўшы, што іх ахвярамі становяцца ў асноўным самыя бедныя і найбольш уразлівыя, і перш за ўсё ад іх імя рэлігійныя лідары кіруюць гэтую дэкларацыю. Яна, па словах Папы, гучыць як заклік да дзеяння супраць сучаснага рабства ва ўсіх яго формах да ўсіх людзей веры і добрай волі, лідараў, урадаў, бізнесу. Гэтага, як дадаў Пантыфік, можна дасягнуць, абапіраючыся на ідэалы канфесій і рэлігій і агульначалавечыя каштоўнасці, не пакідаючы без увагі кожнага, хто сустракаецца на нашым шляху.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|