Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак прывітаў валанцёраў-хрысціянаў з Італіі
Святы Айцец
05.12.2014 12:28

4 снежня з нагоды Міжнароднага дня валанцёрскай службы Папа Францішак прыняў дэлегацыю італьянскіх хрысціянскіх валанцёраў, аб’яднаных у федэрацыю, якая налічвае больш за 5 тысяч чалавек і 36 тысяч прыхільнікаў.

Святы Айцец падзякаваў італьянскім валанцёрам за бескарыслівае ажыццяўленне шматлікіх праектаў, накіраваных на рашэнне праблем голаду і войн у розных краінах свету. Паводле Папы Францішка, быць салідарным з беднымі азначае думаць і дзейнічаць супольна з імі, а таксама змагацца з прычынамі беднасці: сацыяльнай няроўнасцю, беспрацоўем, адсутнасцю жытла, парушэннем сацыяльных і працоўных правоў.

Адной з асноўных прычын беднасці Пантыфік назваў эканамічную сістэму, якая абкрадае і знішчае прыроду. Папа ўдакладніў, што мае на ўвазе знішчэнне лясоў, экалагічныя катастрофы і страту біялагічнай разнастайнасці. Прырода — не наша ўласнасць, а дзіўны падарунак, дадзены нам Богам для таго, каб мы клапаціліся пра яго, карысталіся ім з павагай і перадалі будучым пакаленням, лічыць Пантыфік.

Святы Айцец звярнуў асаблівую ўвагу на дзейнасць хрысціянскіх валанцёраў у краінах, дзе ідуць войны. Па словах Пантыфіка, будуючы масты паміж культурамі і рэлігіямі, дапамагаючы ахвярам насілля, галодным дзецям, мігрантам і бежанцам, валанцёры спрыяюць міру ў гэтых краінах. Папа адзначыў неабходнасць супрацоўніцтва ўсіх бакоў — дзяржаўных устаноў, няўрадавых арганізацый і касцёльных супольнасцяў — для таго, каб спрыяць пабудове гарманічнага суіснавання розных народаў і культур. «Колькі людзей у свеце ратуецца ўцёкамі ад жахаў вайны! Колькі людзей пераследуецца па прычыне веры і змушана пакідаць свае дамы, храмы, зямлю, родных! Колькі зламаных жыццяў!» — выказаў засмучэнне Папа Францішак, дадаўшы, што хрысціянін не павінен праходзіць узбоч ад гэтых пакут і разбурэнняў.


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.