Папа Францішак напісаў адмысловы ліст да католікаў Блізкага Усходу напярэдадні Нараджэння Пана, заахвоціўшы іх мужна вызнаваць сваю веру. Пантыфік прызнаўся ў сваёй занепакоенасці лёсам вучняў Хрыста, якія жывуць на Святой Зямлі з апостальскіх часоў, і выказаў салідарнасць усяго Касцёла з імі.
Папа выказаў спадзяванне, што некалі сам асабіста наведае і суцешыць мясцовых хрысціян. Пантыфік рашуча асудзіў у лісце тэрарыстычную дзейнасць «Ісламскай Дзяржавы» і іх неверагодныя злачынствы. Кажучы пра пакуты ахвяраў, Святы Айцец адзначыў, што «звяртаецца да Бога і заклікае ўсіх да ўключэння ў дапамогу, да малітвы і да ўсіх відаў ініцыятыў». Святы Айцец падкрэсліў, што ў часы выпрабаванняў трэба быць прывязанымі да Хрыста, і заахвоціў, каб складаны досвед умацаваў веру і вернасць, адрадзіў братэрства і адзінства, вёў да святасці.
Пантыфік адзначыў, што складаныя выклікі з’яўляюцца магчымасцю ўмацаваць адносіны паміж католікамі розных абрадаў і хрысціянамі розных канфесій. «Гэта экуменізм крыві, які патрабуе даверу да Святога Духа», — напісаў Папа.
Святы Айцец падкрэсліў важнасць хрысціянскай прысутнасці на Блізкім Усходзе і ўказаў на важнасць міжрэлігійнага дыялогу, усё больш неабходнага ў складанай сітуацыі сучаснасці. «Дыялог, заснаваны на адкрытасці ў праўдзе і любові, з’яўляецца лепшым супрацьяддзем ад спакусы рэлігійнага фундаменталізму, які ўяўляе сабой пагрозу для людзей усіх веравызнанняў. Дыялог таксама з’яўляецца служэннем справядлівасці і неабходнай умовай для доўгачаканага міру», — дадаў Папа.
Пантыфік падкрэсліў, што хрысціяне могуць таксама дапамагчы мусульманам, паказаўшы, што, як яны самі кажуць, іслам з’яўляецца рэлігіяй міру і можа знаходзіцца ў гармоніі з павагай да правоў чалавека і садзейнічаць суіснаванню ўсіх. Таксама Папа адзначыў, што «драматычная сітуацыя жыцця нашых братоў-хрысціян у Іраку, але і езідаў і прадстаўнікоў іншых рэлігійных і этнічных супольнасцяў, патрабуе ад усіх рэлігійных лідараў заняцця выразнай і смелай пазіцыі, каб аднагалосна і без любой двухсэнсоўнасці асудзіць такія злачынствы і практыку выкарыстання рэлігіі для іх апраўдання».
Святы Айцец адзначыў, што хрысціянскім пакліканнем з’яўляецца актыўны ўдзел у жыцці сваіх краін, умацаванне міру, паяднанне і развіццё, у супрацоўніцтве з нацыянальнымі і міжнароднымі органамі. Пантыфік падкрэсліў важнасць прысутнасці святароў сярод вернікаў у цяжкія моманты гісторыі. Таксама Папа заклікаў моладзь «не баяцца і не саромецца быць хрысціянамі»; пажылых людзей — перадаваць веру і традыцыі новым пакаленням; працуючым у дабрачынных і адукацыйных праектах — выхоўваць да культуры сустрэчы, павагі да годнасці чалавека і абсалютнай каштоўнасці кожнай чалавечай істоты. Пантыфік запэўніў блізкаўсходніх католікаў у салідарнасці і падтрымцы ўсяго Касцёла.
Папа заклікаў міжнародную супольнасць паскорыць падтрымку для ўсяго Блізкага Усходу, як праз мірныя ініцыятывы і малітву, так і праз гуманітарную дапамогу. Святы Айцец выказаў падзяку хрысціянам на Блізкім Усходзе за іх сведчанне і малітву ў сваёй інтэнцыі. «Я вельмі спадзяюся, што мне будзе дадзена ласка прыбыць да вас асабіста, каб вас наведаць і падтрымаць», — напісаў Папа, даверыў мясцовых вернікаў апецы Маці Божай і ўдзяліў сваё апостальскае благаслаўленне, жадаючы перажыць Божае Нараджэнне ў любові і спакоі Хрыста Збаўцы.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|