Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак ва ўрачыстасць Святой Багародзіцы Марыі: “Касцёл – Маці, якая дае Езуса ўсім з радасцю і шчодрасцю”
Святы Айцец
01.01.2015 16:24

На мацярынства Касцёла звярнуў увагу Святы Айцец 1 студзеня ў гаміліі на Эўхарыстыі ва ўрачыстасць Святой Багародзіцы Марыі. Папа нагадаў, што Найсвяцейшая Дзева аб’яднана з Езусам, “таму што атрымала ад Яго пазнанне сэрца, пазнанне веры, якое сілкуецца досведам маці і ўнутранымі адносінамі з Сынам”.

Такім жа чынам “неаддзельныя адзін ад аднаго Хрыстус і Касцёл”, і “немагчыма зразумець збаўлення, здзейсненага Езусам, не прымаючы да ўвагі мацярынства Касцёла”, адзначыў Папа. Наша вера – гэта “не абстрактная ідэя або філасофія, а жыватворчыя адносіны, напоўненыя асобай Езуса Хрыста”, якога сустракаем у Касцёле, дадаў Пантыфік. Таму, патлумачыў Папа, Касцёл – гэта “Маці, якая пяшчотна ахоўвае Езуса і дае Яго ўсім з радасцю і шчодрасцю”.

“Ніводнае аб’яўленне Хрыста, нават самае містычнае, ніколі не можа быць аддзелена ад цела і крыві Касцёла, ад гістарычнай канкрэтнасці Цела Хрыстова”, - сказаў Папа і дадаў, што “без Касцёла Езус Хрыстус, у канчатковым рахунку, зводзіцца да ідэі, маралі, нейкага пачуцця”, а нашы адносіны з Хрыстом без Касцёла будуць зводзіцца да нашага ўяўлення, інтэрпрэтацыі або настрою.

На заканчэнне гаміліі Пантыфік адзначыў, што Хрыстус “ёсць благаслаўленнем для кожнага чалавека і для ўсяго чалавецтва”, а Касцёл, даючы нам Езуса, удзяляе паўнату благаслаўлення Пана”.

У Сусветны дзень міру Папа скіраваў просьбу да Бога, каб Ён “адарыў нашы дні спакоем”.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.