Папа назваў імёны новых кардыналаў |
Святы Айцец
|
04.01.2015 16:13 |
4 студзеня Папа Францішак агучыў імёны новых кардыналаў. Гэта адбылося падчас сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі”.
“Як было абвешчана раней, 14 лютага я буду мець радасць склікаць кансісторый, падчас якога прызначу 15 новых кардыналаў, якія, належачы да 14 народаў з розных кантынентаў, прадстаўляюць непарыўную сувязь паміж Касцёлам у Рыме і мясцовымі Касцёламі, прысутнымі ў свеце”, - сказаў Пантыфік.
Першым прагучала імя арцыбіскупа Дамініка Мамбэрці, новага прэфекта Найвышэйшага Трыбуналу Апостальскай Сігнатуры, да нядаўняга часу Сакратара па адносінах з дзяржавамі. Кардыналамі стануць таксама: Патрыярх Лісабона (Партугалія) Мануэл Жазэ Макарыу ду Нашсіменту Клеменці; арцыбіскуп Адыс-Абебы (Эфіопія) Берханесус Дэмеру Соўрафэль; арцыбіскуп Велінгтона (Новая Зеландыя) Джон Эчэрлі Дзью; арцыбіскуп Анкона-Озіма (Італія) Эдоардо Мэнікелі; арцыбіскуп Ханоя (В’етнам) П’ер Нгуен Ван Нён; арцыбіскуп Марэліі (Мексіка) Альберто Суарэз Інда; арцыбіскуп Янгона (М’янма) Чарльз Бо; арцыбіскуп Бангкока (Тайланд) Фрэнсіс Крыенгсак Кавітваніт; арцыбіскуп Агрыджэнта (Італія) Франчэско Монтэнэгра; арцыбіскуп Монтэвідэа (Уругвай) Даніэль Фернандо Стурла Беруэ; арцыбіскуп Вальядаліда (Іспанія) Рыкарда Бласкес Перэз; арцыбіскуп Давіда (Панама) Хасэ Луіс Лакунца Маэстрахуан; арцыбіскуп Санцьяга дэ Каба-Вэрдэ (Каба-Вэрдэ) Арлінда Гомэз Фуртада; біскуп Тонга (Каралеўства Тонга) Соан Паціта Паіні Мафі.
У кардынальскую калегію ўвойдуць таксама пяць арцыбіскупаў і біскупаў на пенсіі, якія “вызначыліся сваёй душпастырскай любоўю ў служэнні Апостальскай Сталіцы і Касцёлу”. Гэта: арцыбіскуп Манісалеса (Калумбія) Хасэ дэ Хесус Піміента Радрыгес; арцыбіскуп Луіджы Дэ Маджыстрыс, былы вялікі про-пэнітэнцыярый; арцыбіскуп Карл-Жозэф Раўбэ, былы Апостальскі Нунцый; арцыбіскуп Тукумана (Аргенціна) Луіс Гектар Вілальба; арцыбіскуп Шаі-Шаі (Мазамбік) Жуліо Дуартэ Ланга.
Папа Францішак нагадаў, што 15 лютага ўзначаліць урачыстую літургію разам з новымі кардыналамі, а перад гэтым, 12-13 лютага, сустрэнецца з членамі Калегіі кардыналаў, каб паразмаўляць адносна праекту рэформы Рымскай Курыі.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|