Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Агучаны падрабязнасці візіту Папы на Шры-Ланку і Філіпіны
Святы Айцец
08.01.2015 14:58

12-19 студзеня Папа Францішак адправіцца ў сваё сёмае апостальскае падарожжа за межы Італіі – на Шры-Ланку і Філіпіны. У сувязі з гэтым кіраўнік Прэс-службы Апостальскай Сталіцы а. Федэрыко Ламбардзі паведаміў журналістам некаторыя дэталі падарожжа, якое сведчыць пра ўвагу Пантыфіка да Азіі.

Святар нагадаў, што Папа паляціць у Азію па слядах сваіх папярэднікаў Паўла VI, які наведваў Філіпіны ў 1970 г., і Яна Паўла II, які пабываў на Філіпінах і Шры-Ланцы ў 1981 і 1995 гг. Падчас падарожжа Святы Айцец будзе выступаць выключна на англійскай мове.

Пантыфік наведае Шры-Ланку 13-14 студзеня, неўзабаве пасля прэзідэнцкіх выбараў у гэтай краіне. Айцец Ламбардзі падкрэсліў, што візіт не прыйдзецца на перыяд выбарчай кампаніі. 13 студзеня ў Каломба адбудзецца міжрэлігійная сустрэча, вельмі важная для краіны, 70% насельніцтва якой складаюць будысты, 12-13% – паслядоўнікі індуізму, 10% – мусульмане і 7% хрысціяне, пераважна католікі.

На 14 студзеня запланавана святая Імша з нагоды кананізацыі бл. Джозэфа Ваза, рэлігійнага дзеяча, які адыграў важную ролю ў евангелізацыі Шры-Ланкі ў XVII- XVIII стст. Потым Папа памоліцца ў святыні Маці Божай Ружанца ў Маду на поўначы краіны, дзе большасць насельніцтва складаюць тамілы. У сваім звароце Пантыфік надасць асаблівую ўвагу неабходнасці прымірэння пасля канфлікту, які скончыўся ў 2009 г. пасля 30 гадоў кровапраліцця.

15 студзеня пасля візіту ў капліцу Маці Божай з Ланкі ў Балавалане Папа адправіцца на Філіпіны, насельніцтва якіх рыхтуецца да 500-й гадавіны евангелізацыі, што будзе святкавацца ў 2021 г. 16 студзеня ў Маніле адбудзецца сустрэча з сем’ямі – найважнейшым інстытутам у гэтай самай вялікай каталіцкай краіне Азіі.

Затым Пантыфік наведае раёны, пацярпелыя ад тайфуну “Хаян”, які забраў жыцці 8 тыс. чалавек, разбурыў 500 тыс. дамоў і прычыніў шкоду 15 млн. чалавек. Па словах кіраўніка ватыканскай прэс-службы, прысутнасць Папы прынясе заспакаенне і суцяшэнне народу, пацярпеламу ад аднаго з наймацнейшых тайфунаў у гісторыі чалавецтва.

17 студзеня ў горадзе Таклабан Пантыфік будзе цэлебраваць святую Імшу, у Пала паабедае з пацярпелымі ад тайфуну і благаславіць Цэнтр імя Папы Францішка для бедных, пабудаваны пры ўдзеле Папскай рады “Cor Unum”. 18 студзеня ў сталіцы Філіпінаў адбудзецца сустрэча з мясцовымі рэлігійнымі лідарамі і моладдзю, а таксама Імша.

19 студзеня, вяртаючыся ў Ватыкан, Папа Францішак праляціць над шэрагам краін, у тым ліку над Беларуссю, і накіруе прывітальныя тэлеграмы іх кіраўнікам.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.