Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа ўдзяліў сакрамэнт хросту 33 немаўлятам
Святы Айцец
11.01.2015 19:24

Падчас урачыстай Эўхарыстыі ў Сікстынскай капэле 11 студзеня Папа Францішак удзяліў сакрамэнт хросту 33 немаўлятам. Паводле традыцыі, уведзенай святым Янам Паўлам ІІ, у свята Хросту Пана Пантыфік хрысціць дзяцей супрацоўнікаў ватыканскіх устаноў.

У гаміліі Святы Айцец заклікаў бацькоў і хросных дапамагаць ахрышчаным дзецям расці ў святле Божага слова і папрасіў аб малітве за шматлікіх маці ў розных частках свету, якія не маюць магчымасці накарміць уласных дачок і сыноў. “Памолімся за іх і паспрабуем ім дапамагчы”, - сказаў Папа.

Пантыфік дадаў, што Божае слова мае для душы такі самы эфект, як малако – для цела дзіцяці: “Божае слова дапамагае расці ў веры”. Асаблівую ўвагу Папа звярнуў на важнасць перадачы веры. “Дарагія бацькі і хросныя, калі жадаеце, каб вашы дзеці сталі сапраўднымі хрысціянамі, дапамагайце ім расці “пагружанымі” ў Святога Духа, гэта значыць у любоў Божую і святло Яго слова”, - пажадаў Пантыфік.

Святы Айцец заклікаў прысутных заўсёды насіць з сабой Евангелле і чытаць яго. “Важным з’яўляецца добры прыклад, які можаце даць – прыклад бацькоў, хросных, дзядзькаў, якія чытаюць Евангелле”, - сказаў Пантыфік.

Таксама Папа заахвоціў штодзённа звяртацца да Святога Духа. “Звычайна мы молімся Езусу. Калі кажам “Ойча наш” – звяртаемся да Айца. Але Святому Духу молімся не часта”, - заўважыў Папа, дадаўшы, што вельмі важна маліцца Святому Духу, каб Ён навучыў добраму сямейнаму жыццю і каб дзеці раслі ў атмасферы Святой Тройцы.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.