Папа Францішак даў інтэрв’ю каардынатару партала «Vatican Insider» Андрэа Тарніэлі і ватыканісту італьянскай «La Stampa» Джакама Галеацы. Размова з Пантыфікам завяршае кнігу гэтых журналістаў «Папа Францішак. Гэтая эканоміка забівае», прысвечаную сацыяльнаму навучанню Святога Айца.
Кніга з’явіцца на паліцах італьянскіх крамаў 13 студзеня.
«Увага да бедных прысутнічае ў Евангеллі і традыцыі Касцёла — яна не з’яўляецца вынаходніцтвам камунізму і не трэба яе ідэалагізаваць», — сцвердзіў Пантыфік у інтэрв’ю.
Размаўляючы з журналістамі пра ўвагу Касцёла да бедных, Папа падкрэсліў яе старадаўнюю традыцыю. Па словах Пантыфіка, «увага, якае мае свае карані ў Евангеллі — задакументавана ўжо ў першых стагоддзях хрысціянства»: дастаткова пачытаць першых Айцоў Касцёла. Іх гаміліі, як адзначыў Папа, нельга назваць «марксісцкімі», таму што калі «Касцёл заклікае перамагчы “глабалізацыю абыякавасці”, ён далёкі ад якіх-небудзь палітычных інтарэсаў ці якой-небудзь ідэалогіі» — «гэта вынікае выключна са словаў Езуса».
Святы Айцец адзначыў таксама, што аборты з’яўляюцца вынікам пашырэння «культуры адходаў» — адмаўлення ўсяго таго, што не прыносіць карысці, у тым ліку дзяцей, моладзі, пажылых людзей.
Папа падкрэсліў, што асуджае не багацці, але ідалапаклонства перад грашыма.
Пантыфік выказаў перакананне, што для таго, каб аздаравіць свет, неабходна вырашыць праблему беднасці, і важна паставіць у цэнтр усяго не грошы, а чалавечую асобу і яе дабро. Па словах Папы, неабходны «праграмы, механізмы і працэсы, скіраваныя на паляпшэнне размеркавання рэсурсаў, стварэння працы, інтэгральнай падтрымкі маргіналізаваных». Святы Айцец лічыць, што для ўсяго гэтага неабходны людзі з «узнятымі да Бога ў малітве рукамі», якія павінны дзейнічаць на ўсіх узроўнях — сацыяльным, палітычным, інстытуцыянальным і эканамічным.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|