Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа звярнуўся да прадстаўнікоў дыпламатычнага корпусу, акрэдытаванага пры Апостальскай Сталіцы
Святы Айцец
12.01.2015 16:49

Тэма міру была ў цэнтры прамовы Папы Францішка, скіраванай да прадстаўнікоў дыпламатычнага корпусу, акрэдытаванага пры Апостальскай Сталіцы. 12 студзеня Святы Айцец прыняў дыпламатаў на аўдыенцыі, якая штогадова праходзіць у хуткім часе пасля святаў Божага Нараджэння.

Па словах Пантыфіка, выява бэтлеемскай стаенкі, «акрамя міру, апавядае пра іншую драматычную рэальнасць – адмаўленне»: менавіта таму на некаторых заходніх і ўсходніх іконах – як напрыклад «Нараджэнні Хрыста» Андрэя Рублёва – Дзіцятка Езус намаляваны пакладзеным не ў яслі, а ў магілу. Гэта паказвае, заўважыў Папа, што «побач з радасным прыняццем новага нараджэння» тут прысутнічае «ўся драма, аб’ектам якой з’яўляецца Езус, пагарджаны і занядбаны аж да крыжовай смерці».

Пантыфік адзначыў, што апавяданні пра нараджэнне Хрыста кажуць таксама пра «зацвярдзелае сэрца чалавецтва», якому цяжка прыняць Дзіцятка; таксама і сёння «існуе ідал адмаўлення, які нас аб’ядноўвае, схіляе не глядзець на бліжняга, як на брата, якога трэба прыняць». Па словах Папы, гаворка ідзе пра «ментальнасць, што нараджае культуру адходаў, якая не шкадуе нічога і нікога» і прыводзіць да насілля і смерці, — праз яе чалавецтва становіцца параненым і падвергнутым напружанасцям і канфліктам рознага кшталту. Пацвярджэннем гэтага, дадаў Папа, з’яўляюцца штодзённыя навіны, напрыклад аб нядаўнім тэракцэ ў Парыжы. Праводзячы паралель з забойствам бэтлеемскіх немаўлят у часы Ірада, Святы Айцец нагадаў пра жудасную бойню ў Пакістане, падчас якой каля месяца таму з «нечуванай лютасцю» былі забіты больш за сотню дзяцей.

«З болем заўважаем драматычныя наступствы гэтай ментальнасці адмаўлення і “культуры варожасці” у канфліктах, якія пастаянна распаўсюджваюцца. Як праўдзівая і сапраўдная сусветная вайна па частках, яны закранаюць, нават калі ў розных формах і з рознай сілай, разнастайныя зоны планеты, пачынаючы ад блізкай Украіны, якая стала драматычным тэатрам сутыкнення і якой я жадаю, каб праз дыялог існуючыя сілы кансалідаваліся дзеля спынення ваенных дзеянняў, а ўключаныя бакі як мага хутчэй паўсталі – у абноўленым духу павагі да міжнароднай законнасці – на шчыры шлях узаемнага даверу і братэрскага прымірэння, які дазволіць пераадолець цяперашні крызіс», — сказаў Папа.

Пантыфік выказаў надзею на перамовы паміж Ізраілем і Палестынай дзеля спынення насілля і дасягнення рашэння, якое дазволіць палестынскаму і ізраільскаму народам нарэшце жыць у міры, у рамках межаў, ясна ўстаноўленых і прызнаных міжнароднай супольнасцю, каб «рашэнне аб дзвюх дзяржавах» стала эфектыўным.

Гаворачы пра сітуацыю ў Іраку і Сірыі, Святы Айцец звярнуў увагу на праблему рэлігійнага фундаменталізму, сказаўшы, што «гэты феномен з’яўляецца наступствам культуры адходаў, прымененай у адносінах да Бога». Рэлігійны фундаменталізм, па словах Папы, «перш чым ператвараць у адходы людзей праз здзяйсненне страшэнных бойняў, адмаўляе самога Бога, робячы Яго толькі падставай для ідэалогіі».

Пантыфік заўважыў, што перад абліччам «несправядлівай агрэсіі, якая закранае хрысціян і іншыя этнічныя і рэлігійныя групы, неабходны адзінадушны адказ, які ў рамках міжнароднага права спыніць пашырэнне насілля, адновіць згоду і залечыць глыбокія раны, якія справакавала развіццё канфлікту». Папа ў чарговы раз звярнуўся да рэлігійных, палітычных і інтэлектуальных лідараў, асабліва мусульманскіх, з заклікам аб асуджэнні любых фундаменталісцкіх і экстрэмісцкіх інтэрпрэтацый рэлігіі, мэта якіх у апраўданні насілля.

Святы Айцец асудзіў войны, выкраданні людзей і гандаль ім, асабліва ў афрыканскіх краінах. Таксама Папа звярнуў увагу, на тое, што падчас ваенных канфліктаў ад гвалтаванняў пакутуюць шматлікія жанчыны. Гаворка ідзе пра «цяжэйшае парушэнне жаночай годнасці», якое тычыцца не толькі цела, але і душы, наносячы траўму, наступствы якой можна пераадолець з вялікімі цяжкасцямі. На жаль, дадаў Папа, жанчыны сёння падвяргаюцца гвалтаванню не толькі ў месцах, дзе вядуцца войны.

Ад наступстваў культуры адходаў пакутуюць таксама «сучасныя пракажоныя» – ахвяры эпідэміі Эбола ў Ліберыі, Сьера-Леонэ і Гвінеі, адзначыў Пантыфік. Папа нагадаў таксама пра праблемы мігрантаў і бежанцаў. Міжземнае мора не можа быць «вялікімі могілкамі», а «драма адмаўлення», з якой сустракаюцца мігранты, заклікае да «змены адносінаў да іх, ад абыякавасці і страху да шчырага прыняцця», сказаў Святы Айцец і заклікаў змагацца, у першую чаргу, з прычынамі, якія прымушаюць людзей пакідаць родныя краіны.

Папа асудзіў злоўжыванні ў сферы працы: як яе адсутнасць, так і рабства, а таксама індывідуалістычную культуру, накіраваную супраць інстытута сям’і.

Гаворачы пра пазітыўныя аспекты, Пантыфік падзякаваў Богу за дары, сустрэчы, дыялогі і асабліва за некаторыя «плёны міру», сярод якіх узгадаў пра пагадненні паміж ЗША і Кубай, а таксама пра рашэнне амерыканскіх уладаў канчаткова закрыць турму Гуантанама.

У апошняй частцы сваёй прамовы Папа нагадаў, што сёлета будзе адзначацца 70-годдзе дзейнасці ААН, і пажадаў, каб дасягненне міру было ў цэнтры ўвагі пры запланаваным на 2015 г. рэдагаванні праграмнага плану дзеянняў па дасягненні ўстойлівага развіцця і распрацоўцы Пагаднення аб клімаце.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.