Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак прыбыў з візітам у Шры-Ланку
Святы Айцец
13.01.2015 14:36

Раніцай 13 студзеня Папа Францішак прыляцеў у першы пункт свайго «азіяцкага» падарожжа – самы буйны горад Шры-Ланкі Каломба. Пералёт заняў каля 10 гадзін, за якія Пантыфік пераадолеў 7630 км.

Праз паўгадзіны пасля вылету з рымскага аэрапорта «Фьюмічына» Папа прывітаў журналістаў, якія яго суправаджалі. Пантыфік прайшоў уздоўж салона, асабіста вітаючы кожнага прысутнага прадстаўніка СМІ, у той час як раней звычайна журналісты падыходзілі да Папы, заўважыў у сваім каментары кіраўнік Прэс-службы Апостальскай Сталіцы а. Фэдэрыко Ламбардзі.

Пасля прызямлення ў міжнародным аэрапорце ў Каломба, калі Святы Айцец сышоў з трапу самалёта, двое дзяцей уручылі яму кветачную гірлянду бела-жоўтых колераў, а група моладзі выканала традыцыйныя танцы. Папу асабіста прывітаў Прэзідэнт Шры-Ланкі Майтрыпала Сірысен, які падкрэсліў, што быў абраны на пост кіраўніка дзяржавы зусім нядаўна і вельмі рады пачаць сваю кадэнцыю з прыняцця Пантыфіка. Прэзідэнт краіны выказаў радасць з прычыны таго, што Пантыфік вырашыў пачаць свой візіт у Азію са Шры-Ланкі.

Міру, згоды і зажыўлення ран, нанесеных грамадзянскай вайной, пажадаў Папа народу Шры-Ланкі ў сваім першым звароце, прамоўленым у аэрапорце Каломба. Святы Айцец назваў Шры-Ланку «пярлінай Індыйскага акіяну» і пасля прывітання кіраўніка дзяржавы патлумачыў мэту свайго падарожжа. «Мой візіт перш за ўсё з’яўляецца душпастырскім. Як паўсюдны пастыр Каталіцкага Касцёла, я прыбыў, каб падтрымаць католікаў гэтага вострава і маліцца разам з імі», — сказаў Папа. Пантыфік адзначыў, што падзяляе імкненне мясцовай каталіцкай супольнасці да быцця актыўнай часткай грамадства.

Кульмінацыяй візіту ў гэтую краіну стане кананізацыя Джозэфа Ваза, які сёння, паводле слоў Святога Айца з’яўляецца прыкладам любові і павагі да кожнага чалавека, незалежна ад яго этнічнай ці рэлігійнай прыналежнасці.

Шры-Ланка, дадаў Папа, гадамі пакутавала ад жахаў грамадзянскай вайны, а зараз намагаецца залячыць раны і кансалідавацца ў міры. «Гэта пастаянная трагедыя нашага свету, калі многія супольнасці знаходзяцца ў вайне паміж сабой. Няздольнасць пагадзіцца ў адметнасцях і рознагалоссях прыводзіць да этнічных і рэлігійных канфліктаў, якія суправаджаюцца выбухамі насілля», — сказаў Пантыфік.

Па словах Папы, спадчыну, пакінутую канфліктам, пераўзыйсці нялёгка, але для гэтага варта заўсёды перамагаць зло дабром і жыць, выпрацоўваючы цноты, якія спрыяюць згодзе, міру, салідарнасці, імкнуцца да праўды. «Фундаментальна, каб усе члены грамадства працавалі разам, каб усе мелі голас, прымаючы адзін аднаго і навучаючыся жыць як адзіная сям’я: адметнасць – гэта не пагроза, але крыніца ўзбагачэння», — адзначыў Святы Айцец.

Напрыканцы прамовы Папа выказаў перакананне ў важнасці ролі рэлігійных лідараў у працэсе прымірэння і аднаўлення краіны. Фундаментальным з’яўляецца спрыянне чалавечай годнасці, клопат аб матэрыяльных патрэбах кожнага і паляпшэнне інфраструктуры, адзначыў Папа і пажадаў, каб яго прабыванне ў Шры-Ланцы стала знакам сяброўствам, дыялогу і салідарнасці.

Пасля цырымоніі прывітання ў аэрапорце Пантыфік накіраваўся ў будынак Апостальскай нунцыятуры ў Каломба. На вуліцах горада Папу віталі сотні тысяч людзей, з якімі ён жадаў падзяліцца знакамі павагі і любові. Па прычыне недахопу часу Пантыфіку прыйшлося адмяніць адзін з пунктаў свайго візіту – сустрэчу з мясцовым епіскапатам, у якой, замест Святога Айца, прыняў удзел Дзяржаўны сакратар Святога Пасаду кардынал Пьетро Паралін.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.