Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа кананізаваў першага ў гісторыі Шры-Ланкі святога
Святы Айцец
14.01.2015 14:53

14 студзеня падчас літургіі ў гарадскім парку Каломба Папа Францішак здзейсніў кананізацыю першага ў гісторыі шры-ланкскага святога — Джозэфа Вазы — святара, які прысвяціў сваё жыццё дбайнаму служэнню каталіцкай супольнасці Шры-Ланкі.

Каля 500 тысяч вернікаў прынялі ўдзел у Эўхарыстыі ў «Гэйл Фэйс Грын» — гарадскім парку Каломба, які расцягнуўся на пяць кіламетраў уздоўж узбярэжжа Індыйскага акіяна.

Падчас літургіі Папа здзейніў кананізацыю першага ў гісторыі шры-ланкскага святога — Джозэфа Вазы — святара, які нарадзіўся ў Індыі ў партугальскай сям’і ў сярэдзіне XVII ст. і прысвяціў сваё жыццё дбайнаму служэнню каталіцкай супольнасці Шры-Ланкі, нягледзячы на пераслед з боку каланізацыйных галандскіх пратэстанцкіх уладаў таго часу.

Напрыканцы Імшы арцыбіскуп Каломбы кардынал Малькольм Ранжыт уручыў Папу чэк на 70 тыс. долараў, сабраных мясцовымі вернікамі на карысць дабрачынных ініцыятыў Пантыфіка.

Жыццё св. Джозэфа Вазы з’яўляецца стымулам для следавання шляхам Евангелля, прыкладам для святароў і ўзорам «пераадолення рэлігійных падзелаў дзеля служэння міру», адзначыў Папа Францішак у сваёй гаміліі. Святы Айцец у чарговы раз заклікаў прадстаўнікоў усіх рэлігій да адзінства і супрацьстаяння выкарыстання рэлігію для апраўдання насілля.

Паводле Пантыфіка, св. Джозэф Ваза жыў у эпоху, падобную да сённяшняй. Гэта быў час глыбокіх перамен, калі католікі ў Шры-Ланцы былі меншасцю, часта падзеленай унутры, адчувалі варожасць і нават пераслед з боку знешніх сіл. Таму любоў новага святога да Бога і бліжніх, яго адданасць служэнню братам застаюцца прыкладам для сённяшняга Касцёла ў Шры-Ланцы і яго служэння ўсім, незалежна ад «расы, веравызнання, племянной прыналежнасці, сацыяльнага стану ці рэлігіі», лічыць Папа.

«Касцёл не просіць нічога іншага, акрамя свабоды выканання сваёй місіі. Рэлігійная свабода — гэта фундаментальнае права. Сёння індывідуум павінен быць свабодным, каб самому ці разам з іншымі шукаць праўду, адкрыта выражаць свае рэлігійныя перакананні ў свабодзе ад запалохванняў і знешніх прымусаў», — сказаў Пантыфік.

Папа падкрэсліў, што ў цяперашнія часы рэлігійнага фундаменталізму жыццё св. Джозэфа Вазы «вучыць нас, што сапраўдная пашана да Бога вядзе не да дыскрымінацый, нянавісці і насілля, але да павагі сакральнасці жыцця, павагі да годнасці і свабоды іншых і добразычлівай дзейнасці на карысць дабрабыту ўсіх».

Пантыфік назваў св. Джозэфа Вазу прыкладам «місіянерскага запалу» і апостальскага стылю, які сёння варта наследаваць у розных частках свету. «Святы Джозэф ведаў, як прадстаўляць праўду і прыгажосць Евангелля ў шматрэлігійным кантэксце з павагай, адданасцю, пастаянствам і пакорай. Гэта шлях таксама і сённяшніх вучняў Езуса. Мы пакліканы «выходзіць» з такім самым запалам, з такой самай адвагай св. Джозэфа, але і з такой жа чуллівасцю і павагай да іншых», — сказаў Папа.

Пасля літургіі Святы Айцец вярнуўся ў Апостальскую нунцыятуру ў Каломбу, вітаючы сотні тысяч вернікаў і жыхароў горада.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.