Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец: «Фундаментальнымі правамі з’яўляюцца як свабода веравызнання, так і свабода слова»
Святы Айцец
16.01.2015 13:12

«Права на свабоду слова з’яўляецца фундаментальным, як і права кожнай рэлігіі не стаць аб’ектам насмешак», — лічыць Папа Францішак. Падчас пералёту са Шры-Ланкі на Філіпіны Святы Айцец на працягу 45 хвілін адказваў на пытанні журналістаў, якія тычыліся самых розных і актуальных тэм.

Адзін з прадстаўнікоў французскіх СМІ спытаў Папу пра межы свабоды слова. «Фундаментальнымі правамі з’яўляюцца як свабода веравызнання, так і свабода слова», — падкрэсліў Пантыфік. Але, паводле Святога Айца, памыляецца як той, хто забівае ў імя рэлігіі, так і той, хто абражае рэлігіі, прыкрываючыся правам казаць усё, што хоча.

Папа Францішак перакананы, што «казаць пра тое, што думаеш» трэба абавязкова, каб дапамагчы «супольнаму дабру»; што нельга рэагаваць гвалтоўна на абразы, але адначасова і «нельга правакаваць». «Нельга абражаць веру іншых, нельга насміхацца з веры», таму што «існуе мяжа», якая акрэслена «годнасцю» кожнай з рэлігій.

Папа адказаў таксама на пытанне аб пашырэнні выкарыстання дзяцей і моладзі ў тэрарыстычных актах у якасці смяротнікаў. Святы Айцец лічыць, што ў асобах, якія жадаюць забіць сябе дзеля смерці іншых, прысутнічае «чалавечая неўраўнаважанасць». «Я думаю, што за кожным суіцыдальным нападам ёсць нешта, што тычыцца неўраўнаважанасці: чалавечай неўраўнаважасці, не ведаю, ці псіхічнай, але чалавечай. Нешта не ў парадку з асобай», — сказаў Папа. Смяротнік «аддае жыццё, але аддае яго не ў добрым напрамку», як, напрыклад, місіянеры, якія аддаюць жыццё для таго, каб «будаваць».

Святы Айцец прызнаўся, што летам, у чэрвені або ліпені, будзе гатова яго энцыкліка, прысвечаная пытанням экалогіі і навакольнага асяроддзя.

Пантыфік жадае, каб гэты дакумент стаў яго ўкладам у працу парыжскай канферэнцыі ААН па праблемах клімату, якая пройдзе ў 2015 г. Папярэдні форум, які праходзіў у 2014 годзе ў перуанскай Ліме, расчараваў Папу Францішка па прычыне «адсутнасці адвагі» на ім.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.