“Бедныя знаходзяцца ў цэнтры Евангелля. Калі мы ўбярэм бедных з Евангелля – не зможам зразумець паслання Хрыста”, – адзначыў Папа Францішак 16 студзеня падчас Эўхарыстыі ў катэдральным касцёле Манілы, якую разам з Пантыфікам канцэлебравалі каля 600 мясцовых біскупаў і святароў.
У гаміліі Святы Айцец нагадаў, што дзейнасць мінулых пакаленняў каталіцкіх пастыраў дазволіла пашырыць Евангелле ў краіне, а таксама пабудаваць грамадства, заснаванае на міласэрнасці, прабачэнні, дабрачыннасці і салідарнасці. Папа адзначыў, што сённяшнім важным заданнем з’яўляецца будаўніцтва мастоў, якія б дапамагалі народам Азіі прымаць Божае слова і на ім будаваць больш справядлівы грамадскі лад, змагацца з прычынамі няроўнасці і несправядлівасці. Евангелле заклікае хрысціянскія супольнасці ствараць “гурткі сумленнасці”, сеткі салідарнасці, якія маглі б пашырацца на ўсё грамадства, дадаў Святы Айцец.
Пантыфік нагадаў святарам і кансэкраваным асобам пра важнасць штодзённай малітвы і барацьбы са спакусай прывязанасці да зямных дабротаў, падкрэсліўшы, што барацьба з матэрыялізмам і самалюбаваннем, увага да іншых робяць асобу больш сумленнай і поўнай, што неабходна для эфектыўнага распаўсюджвання Евангелля ў грамадстве, якое прызвычаілася да маргіналізацыі, палярызацыі і шакуючай няроўнасці.
Асаблівым чынам Святы Айцец звярнуўся да маладых святароў і семінарыстаў, якіх заклікаў быць бліжэй да моладзі, якая заблыталася, але ўсё ж працягвае бачыць у Касцёле спадарожніка і крыніцу надзеі. “Будзьце бліжэй да тых, хто жыве ў грамадстве, дзе квітнее галеча і карупцыя, да тых, хто расчараваўся і хоча кінуць школу і жыць на вуліцы. Абвяшчайце хараство і праўду хрысціянскага сужэнства ў грамадстве, якое заблыталася ў сваім бачанні сексуальнасці, шлюбу і сям'і”, – пажадаў Папа.
500-гадовая гісторыя хрысціянства на Філіпінах дазволіла стварыць вялікі місіянерскі патэнцыял, які павінен прывесці да засваення сучаснай моладдзю хрысціянскай культуры, пранікнення хрысціянскага духу ў філіпінскае грамадства, а праз яго ў іншыя краіны свету, адзначыў Святы Айцец.
Пасля Імшы, перш чым вярнуцца ў Апостальскую нунцыятуру, Папа Францішак наведаў каталіцкі цэнтр для беспрытульных дзяцей. Візіт працягваўся каля 20 хвілін, сустрэцца з Пантыфікам маглі каля 320 дзяцей.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|