15 студзеня Папа Францішак пачаў другую частку свайго візіту ў Азію, якая адбудзецца на працягу трох бліжэйшых дзён на Філіпінах.
Сваю “філіпінскую” частку апостальскага падарожжа ў Азію Папа Францішак пачаў з візіту ветлівасці да Прэзідэнта краіны Бенігна Акіна ІІІ. Менавіта ў прэзідэнцкім палацы, раніцай 16 студзеня 2015 г. адбылася афіцыйная цырымонія прывітання Пантыфіка. Пасля выканання гімнаў Ватыкана і Філіпін, Святы Айцец пакінуў запіс у кнізе ганаровых гасцей, жадаючы кіраўніку дзяржавы і ўсяму яе насельніцтву, Божых ласкаў “мудрасці, праніклівасці, росквіту і міру”.
Звяртаючыся да філіпінскіх палітыкаў і членаў дыпламатычнага корпусу, Святы Айцец падкрэсліў, што яго візіт носіць, у першую чаргу, душпастырскі і апостальскі характар: ён упісаны ў падрыхтоўку мясцовага Касцёла да святкавання 500-годдзя першага абвяшчэння слова Езуса Хрыста ў краіне, якое адбудзецца ў 2021 г.
Таксама Папа нагадаў, што адной з цэнтральных падзей яго візіту будзе сустрэча з сем’ямі і моладдзю. Сям’я мае асаблівую місію ў грамадстве: у ёй моладзь вучыцца каштоўнасцям. Таму яна павінна быць умацавана, а не знішчана ці дэфармавана, сказаў Пантыфік і дадаў, што сем’і і мясцовыя супольнасці павінны выконваць сваю ролю ў стварэнні ўсеахопліваючай культуры дабрыні, салідарнасці, вернасці, як моцных фундаментаў і маральнай базы, што дазволіць грамадству жыць разам.
Таксама 16 студзеня Пантыфік цэлебраваў Імшу ў катэдральным касцёле Манілы.
Падчас гэтай Эўхарыстыі ў гаміліі Святы Айцец згадаў, што на яго думку, сённяшнім важным заданнем з’яўляецца будаўніцтва мастоў, якія б дапамагалі народам Азіі прымаць Божае слова і на ім будаваць больш справядлівы грамадскі лад, змагацца з прычынамі няроўнасці і несправядлівасці. Евангелле заклікае хрысціянскія супольнасці ствараць “гурткі сумленнасці”, сеткі салідарнасці, якія маглі б пашырацца на ўсё грамадства.
Пантыфік нагадаў святарам і кансэкраваным асобам пра важнасць штодзённай малітвы і барацьбы са спакусай прывязанасці да зямных дабротаў. Барацьба з матэрыялізмам і самалюбаваннем, увага да іншых, робяць асобу больш сумленнай і поўнай, што неабходна для эфектыўнага распаўсюджвання Евангелля ў грамадстве, якое прызвычаілася да маргіналізацыі, палярызацыі і шакуючай няроўнасці.
Пасля св. Імшы, перш чым вярнуцца ў Апостальскую нунцыятуру, Папа Францішак наведаў каталіцкі цэнтр для беспрытульных дзяцей.
17 студзеня, у горадзе Таклабан ён будзе цэлебраваць св. Імшу, паабедае з пацярпелымі ад тайфуну і благаславіць цэнтр для бедных, названы яго іменем.
18 студзеня, у сталіцы Філіпінаў Пантыфік сустрэнецца з мясцовымі рэлігійнымі лідарамі і моладдзю.
|