Цэнтральнай падзеяй першага дня падарожжа Папы Францішка на Філіпіны, 16 студзеня, стала сустрэча з сем’ямі. Яна прайшла на тэрыторыі спартыўнага комплексу “Mall of Asia Arena” ў Маніле, здольнага ўмясціць каля 20 тыс. чалавек.
Сустрэча была пазначана радаснай атмасферай вітання Святога Айца, якое суправаджалася выкананнем традыцыйных спеваў і танцаў, але таксама і балючымі сведчаннямі сем’яў, якія сутыкнуліся з досведам беднасці, міграцыі і хваробаў.
У сваім звароце Пантыфік нагадаў пра важнасць “адпачынку ў Богу”. Паводле слоў Папы, адпачынак неабходны як для фізічнага, так і для псіхічнага здароўя. Адпачываць з Богам, падкрэсліў Святы Айцец, значыць штозённа звяртацца да Яго з малітвай, а не ператварацца ў “працоўную сілу”, якая ад стомленасці не мае сіл на малітву; у адваротным выпадку чалавек губляе пачуццё рэальнасці, адчуванне прысутнасці Бога.
Папа нагадаў, што першая школа малітвы – гэта сям'я: менавіта тут чалавек вучыцца бачыць сябе часткай вялікай сям'і Касцёла, жыць для іншых і разам з іншымі.
Папа падкрэсліў, што вера не адмяжоўвае людзей ад свету, а дапамагае быць актыўнымі, браць удзел у яго падрыхтоўцы да канчатковага вяртання Бога. Сёння, нагадаў Пантыфік, многія сем'і жывуць у цяжкіх умовах. На Філіпінах гэта прыродныя катастрофы, эканамічныя цяжкасці, міграцыя, беспрацоўе, фінансавыя праблемы. Многія сем’і жывуць у галечы, іншыя паддаліся ўплыву матэрыялізму і спажывецкага ладу жыцця, якія разбураюць сямейнае жыццё і маральныя асновы хрысціянства, заўважыў Пантыфік. Сем'і сутыкаюцца з ціскам рэлятывізму, культуры эфемернага, якія спрабуюць знішчыць інстытут сужэнства. Папа заклікаў, нягледзячы на ўсё гэта, “паўставаць з Езусам і Марыяй” – умацоўваць інстытут сям'і, як “жыццёвы рэсурс грамадства”.
Задача хрысціян, па словах Папы, заключаецца ў тым, каб быць прароцкім голасам у сваёй супольнасці. Быць уважлівымі да Божага паклікання, як святы Юзаф, які не толькі дапамог ажыццяўленню боскай задумы адносна Марыі і Езуса, але і зрабіў так, каб яны сталі благаслаўленнем для ўсяго чалавецтва. Разам з Марыяй і святым Юзафам філіпінскія сем'і таксама павінны стаць прыкладам для моладзі, а значыць і благаслаўленнем для ўсяго грамадства, адзначыў Пантыфік.
Святы Айцец правёў паралель паміж місіянерскім характарам сем'яў і Годам бедных, які быў абвешчаны на Філіпінах мясцовым епіскапатам, і заклікаў філіпінскія сем’і звярнуць асаблівую ўвагу на бедных, старых, дзяцей-сірот, забытых і пакінутых блізкімі.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|