Папа Францішак плануе наведаць Боснію і Герцагавіну |
Святы Айцец
|
02.02.2015 11:43 |
Папа Францішак абвясціў аб сваім намеры наведаць Боснію і Герцагавіну. Аб гэтым Пантыфік паведаміў 1 лютага на заканчэнне малітвы «Анёл Панскі», звяртаючыся да вернікаў, сабраных на плошчы св. Пятра.
«Хачу абвясціць, што ў суботу 6 чэрвеня, калі Богу будзе заўгодна, я накіруюся ў Сараева, сталіцу Босніі і Герцагавіны. Прашу вас ад гэтага часу маліцца, каб мой візіт да гэтага дарагога народа стаў натхненнем для каталіцкіх вернікаў, зачынам дабра і паспрыяў братэрскай кансалідацыі, міру, міжрэлігійнаму дыялогу, сяброўству», — сказаў Святы Айцец.
Падарожжа Папы Францішка ў Боснію і Герцагавіну стане яго другім «еўрапейскім» душпастырскім візітам: у верасні 2014 г. Пантыфік наведаў Албанію. Акрамя таго, 25 лістапада 2014 г. Святы Айцец наведаў еўрапейскія структуры ў Страсбургу — Еўрапарламент і Савет Еўропы, але ў рамках гэтага візіту не сустракаўся з мясцовай каталіцкай супольнасцю.
Апошні раз Боснію і Герцагавіну наведваў св. Ян Павел ІІ, які за час свайго Пантыфікату зрабіў гэта двойчы: у красавіку 1997 г. і ў чэрвені 2003 г. Католікі ў гэтай краіне складаюць каля 15% насельніцтва, каля 30% з’яўляюцца праваслаўнымі і 40% – мусульманамі.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|