Папа назваў сябе «прадстаўніком цярпення ўкраінцаў» |
Святы Айцец |
26.02.2015 14:16 |
Пра гэта паведамляе беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё. Паводле афіцыйных даных у выніку падзей на Украіне зарэгістравана каля мільёна бежанцаў з Данбаса. Неафіцыйная статыстыка большая ў два разы. З’яўляюцца звесткі аб выпадках смерці ад голаду ў рэгіёне, ахопленым вайной. У самой Украіне і за яе межамі з’явіліся тысячы валанцёраў, гатовых дапамагчы сваім суайчыннікам. Многія кляштары і парафіі Украіны ператварыліся ў цэнтры дапамогі і лячэння. Аб гэтым архіепіскап Кіева-Галіцкі сказаў на прэс-канферэнцыі, якая прайшла 23 лютага ў сядзібе Ватыканскага радыё. Іерарх распавёў пра сустрэчу ўкраінскага епіскапату з Папам, якая адбылася ў рамках візіту «ad limina Apostolorum» 21 лютага. Архіепіскап паведаміў, што Папа Францішак атрымаў запрашэнне наведаць Украіну. Пантыфік слухаў біскупаў з «айцоўскім сэрцам» і спытаў, як жывуць людзі, не толькі католікі, але і праваслаўнае насельніцтва, як яны ўспрымаюць тое, што адбываецца. Украінскі архіепіскап зацытаваў Святога Айца, які сказаў: «Я разам з вамі, я на службе вам!» Пантыфік назваў сябе «прадстаўніком цярпення ўкраінцаў». Архіепіскап падкрэсліў, што адзіная пазіцыя Грэка-Каталіцкай Царквы – быць разам з народам. «Мы — не палітыкі, мы — голас грамадства», — сказаў іерарх і прызнаўся, што ўкраінскі епіскапат вяртаецца на Радзіму «напоўнены надзеяй», хоць і з пачуццём няўпэўненасці ў заўтрашнім дні. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (MV)
|