Папа Францішак падзякаваў за мужнасць лівійскім католікам, якія працягваюць заставацца ў краіне насуперак трываючаму канфлікту. Аб гэтым Пантыфік казаў падчас аўдыенцыі для іерархаў Рэгіянальнай Біскупскай Канферэнцыі Паўночнай Афрыкі, якіх прыняў 2 сакавіка ў межах візіту «ad limina Apostolorum».
У паўночнаафрыканскі епіскапат уваходзяць біскупы з Лівіі, Марока, Туніса і Алжыра.
«Вы з’яўляецеся перыферыяй свету, а таксама абліччам і сэрцам, з якімі Бог дасягае жыхароў гэтай перыферыі», — сказаў Папа ў сваім звароце.
Пантыфік асаблівым чынам адзначыў адвагу лівійскіх біскупаў, святароў, законнікаў і свецкіх вернікаў, якія не пакідаюць краіну, нягледзячы на існаванне шматлікіх небяспек. «Яны з’яўляюцца сапраўднымі сведкамі Евангелля», — падкрэсліў Святы Айцец.
Папа Францішак звярнуў увагу іерархаў на важнасць будавання міжрэлігійнага дыялогу і нагадаў, што любоў у стане адкрыць шматлікія шляхі для «нясення подыху Евангелля ў розныя культуры і сацыяльныя кантэксты».
Святы Айцец заклікаў іерархаў Паўночнай Афрыкі дапамагаць усім жыхарам рэгіёна, не раздзяляючы іх. Папа падзякаваў біскупам за тое, што яны часта становяцца здольнымі «сціплымі сродкамі прадэманстраваць любоў Хрыста і Касцёла да бедных, пажылых, жанчын, якія патрабуюць дапамогі, а таксама зняволеных». Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU)
|