Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак пачаў візіт у Пампеі і Неапаль
Святы Айцец
21.03.2015 14:35

21 сакавіка Папа Францішак знаходзіцца з аднадзённым пастырскім візітам у паўднёваітальянскім рэгіёне Кампанія, у рамках якога наведвае два гарады – Пампеі і Неапаль. Сваё падарожжа Святы Айцец пачаў cа знакамітага пампейскага санктуарыя Маці Божай Ружанцовай, у які прыбыў каля 8.00 на верталёце з Ватыкана.

Пантыфік прайшоў у святыню, у якой некаторы час прабыў у маўклівай малітве перад абразом Маці Божай. Затым Папа прачытаў тэкст малітвы, напісанай у ХІХ ст. бл. Бартолам Лонгам – італьянскім адвакатам, які паспрыяў духоўнаму адраджэнню Пампеяў і ўзнікненню тут санктуарыя, прысвечанага Маці Божай Ружанцовай. “О, Ружанец, благаслаўлёны Марыяй, салодкі ланцуг, які нас злучае з Богам, ланцуг любові, які нас робіць братамі, мы не пакінем цябе ніколі. У нашых руках ты будзеш зброяй міру і прабачэння, зоркай на нашым шляху...”, - гаворыцца ў малітве.

Перш чым пакінуць пампейскі санктуарый, Святы Айцец прывітаў шматлікіх вернікаў, якія чувалі перад касцёлам на працягу ўсёй ночы, падзякаваўшы ім за цёплы прыём, памаліўшыся разам з імі, а на развітанне ўдзяліўшы благаслаўленне.

Папа Францішак стаў трэцім Пантыфікам, які наведаў пампейскі санктуарый Маці Божай Ружанцовай. Да гэтата сюды двойчы прыбываў св. Ян Павел ІІ – у 1979 і 2003 гг., і аднойчы Бэнэдыкт XVI – у 2008 г.

Абраз Маці Божай Ружанцовай з Пампеяў карыстаецца вялікай пашанай вернікаў ва ўсім рэгіёне. На ім змешчана выява Панны Марыі з Дзіцяткам Езусам на руках, якія працягваюць ружанцы св. Катарыне Сіенскай і св. Дамініку. У 2002 г. абраз выстаўляўся на плошчы св. Пятра  з нагоды ўвядзення пяці новых ружанцовых таямніцаў і абвяшчэння пачатку Года Ружанца.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.