Святы Айцец працуе над энцыклікай, прысвечанай праблемам навакольнага асяроддзя і экалогіі чалавека |
Святы Айцец
|
23.03.2015 15:26 |
Папа Францішак працуе над энцыклікай, прысвечанай праблемам навакольнага асяроддзя і экалогіі чалавека. У працоўным графіку Пантыфіка на бягучы тыдзень не прадугледжаны ўдзел у афіцыйных сустрэчах і мерапрыемствах, за выключэннем агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра, якая адбудзецца 25 сакавіка.
Аб сваіх планах прысвяціць цэлы тыдзень працы над энцыклікай Святы Айцец паведаміў у размове з журналістамі 15 студзеня 2015 г. падчас пералёту са Шры-Ланкі ў Філіпіны ў рамках апостальскага падарожжа ў гэтыя краіны. Тады Пантыфік распавёў, што першы варыянт дакумента падрыхтаваў старшыня Папскай рады «Iustitia et pax» кардынал Пітэр Тарксан разам са сваімі супрацоўнікамі. Затым Папа асабіста дапрацоўваў яго супольна з некаторымі тэолагамі.
На пачатку студзеня гэты чарнавы варыянт быў адпраўлены на праверку ў Кангрэгацыю Веравучэння, Дзяржсакратарыят і тэолагу Папскага Дома, якія, у сваю чаргу, прапанавалі зрабіць некаторыя ўдакладненні. Над імі Пантыфік працуе ў дадзены момант. «Я думаю, што напрыканцы сакавіка яна будзе скончана і аддадзена на пераклад», — казаў Папа аб будучай энцыкліцы. Па словах Святога Айца, калі не ўзнікне праблем, дакумент з’явіцца летам – у чэрвені або ліпені.
Пантыфік жадае, каб энцыкліка стала яго ўкладам у працу парыжскай канферэнцыі ААН па праблемах клімату, якая пройдзе ў 2015 г. Папярэдні форум, які праходзіў у 2014 г. у перуанскай Ліме, расчараваў Папу Францішка па прычыне «адсутнасці адвагі» на ім.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(AG)
|