Святы Айцец узначаліць набажэнствы Вялікага тыдня |
Святы Айцец
|
30.03.2015 13:51 |
Урачыстасць Пальмовай нядзелі на плошчы св. Пятра пад кіраўніцтвам Папы Францішка 29 сакавіка распачала святкаванне Вялікага тыдня ў Ватыкане, галоўныя набажэнствы якога ўзначаліць сам Пантыфік.
У Вялікі чацвер, 2 красавіка, у 9.30 у ватыканскай базыліцы Святы Айцец разам з кардыналамі, патрыярхамі, арцыбіскупамі, біскупамі і святарамі – дыяцэзіяльнымі і законнымі – будзе цэлебраваць Імшу Хрызма. У другой палове дня пройдзе Імша Вячэры Пана, якую сёлета Папа правядзе ў касцёле “Ойча наш” у рымскай турме “Rebibbia”. Падчас літургіі Пантыфік здзейсніць абрад абмывання ног групе зняволеных мужчын і жанчын.
У Вялікую пятніцу ў 17.00 у базыліцы св. Пятра Пантыфік узначаліць літургію Мукі Пана, а ў 21.15 – набажэнства Крыжовага шляху ў рымскім Калізеі.
У суботу ў 20.30 у ватыканскай базыліцы Папа будзе цэлебраваць Пасхальную вігілію, а на наступны дзень у 10.15 – святую мшу Велікоднай нядзелі. У 12.00 з балкона цэнтральнай лоджыі базылікі св. Пятра Пантыфік скіруе благаслаўленне “Urbi et Orbi” і звернецца з пасланнем міру.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|