Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа падчас Крыжовага шляху ў Калізеі: “У Тваёй страшэннай муцы мы бачым бязлітаснасць нашых сэрцаў”
Святы Айцец
04.04.2015 16:36

Крыжовы шлях Езуса Хрыста – гэта абагульненне ўсяго Яго жыцця, ікона Яго паслухмянасці волі Айца і рэалізацыя Яго бясконцай любові да грэшнікаў, - з такімі словамі Папа Францішак звярнуўся да вернікаў падчас набажэнства Крыжовага шляху, які адбыўся вечарам 3 красавіка ў рымскім Калізеі.

Святы Айцец назіраў за працэсіяй, якая несла крыж, з падножжа Палацінскага пагорку. Падчас першай і апошняй стацыі сімвал Адкуплення трымаў у руках кардынал Агасціно Валіні, Папскі вікарый для Рымскай дыяцэзіі, затым італьянская сям’я з шасцю дзецьмі, пасля яшчэ некалькі сем’яў. Падчас пятай стацыі крыж несла хворая жанчына ў суправаджэнні сваёй сястры і валанцёра адной з каталіцкіх дабрачынных арганізацый. Затым – дзве законніцы з Ірака, свецкія вернікі з Сірыі, Нігерыі, Егіпта, Кітая. Падчас адзінаццатай стацыі – законніцы з Лацінскай Амерыкі, затым прадстаўнікі францішканскай Кустодыі Святой Зямлі.

Пасля таго, як прагучалі ўсе разважанні, падрыхтаваныя біскупам Навары на пенсіі Рэнато Корці, Папа звярнуўся са словамі малітвы да ўкрыжаванага Збаўцы. “У Табе, прададзеным, здраджаным і ўкрыжаваным Тваім народам, мы бачым нашы штодзённыя здрады і нашу прывычную нявернасць. У Тваёй нявіннасці, нявіннае Ягня, мы бачым нашу грахоўнасць. У Тваім збітым, апляваным, абязвечаным абліччы мы бачым лютасць нашых грахоў. У Тваёй страшэннай муцы мы бачым бязлітаснасць нашых сэрцаў і нашых учынкаў. У Тваім адчуванні пакінутасці мы бачым усіх пакінутых блізкімі, грамадствам, пазбаўленых увагі і салідарнасці. У Тваім ахвяраваным, разадраным целе мы бачым целы нашых братоў, пакінутых уздоўж дарог, абязвечаных нашым занядбаннем і абыякавасцю. У Тваёй празе, Пане, мы бачым прагу Твайго міласэрнага Айца, які ў Табе захацеў абняць, прабачыць і збавіць усё чалавецтва”, - сказаў Пантыфік.

Асаблівае месца ў малітве Папы занялі хрысціяне, якія працягваюць цярпець пераслед за імя Езуса ў многіх краінах свету. “У Табе, Божая Любоў, бачым яшчэ сёння братоў, якіх перад нашымі вачыма і часта пры нашым саўдзельным маўчанні пераследуюць, абезгалоўліваюць, укрыжоўваюць за іх веру. Напоўні нашы сэрцы, Пане, пачуццямі веры, надзеі і любові, болю за нашы грахі і прывядзі нас да пакаяння з нашых вінаў, якія Цябе ўкрыжавалі. Дапамажы, каб наша навяртанне на словах перамянілася ў навяртанне ў жыцці і справах. Дапамажы захоўваць у нас жывы ўспамін аб Тваім знявечаным абліччы, каб ніколі не забыць пра жудасны кошт, які Ты заплаціў за наша збаўленне ”, - сказаў Святы Айцец.

Пасля малітвы Папа заклікаў вернікаў вяртацца дамоў з надзеяй на хвалебнае ўваскрасенне Хрыста.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.