Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа падчас літургіі Паcхальнай вігіліі: Нельга жыць Пасхай, не ўваходзячы ў таямніцу
Святы Айцец
05.04.2015 19:45

Увайсці ў таямніцу смерці і ўваскрасення Езуса заклікаў Папа Францішак падчас літургіі Паcхальнай вігіліі, якую ўзначаліў у базыліцы св. Пятра вечарам 4 красавіка. Падчас яе Пантыфік удзяліў сакрамэнт хросту дзесяці асобам з Італіі, Албаніі, Кеніі, Камбоджы і Партугаліі.

У гаміліі Святы Айцец паставіў у прыклад евангельскіх жанчын, якія пасля ночы чування і малітвы выйшлі са сваіх дамоў і накіраваліся насустрач вялікай пасхальнай Таямніцы.

“Жанчыны былі першымі, хто ўвайшоў у магілу і ўбачыў вялікі знак: яна была пустая. “Увайсці ў магілу”. Было б добра ў гэтую ноч чування спыніцца і паразважаць над досведам гэтых вучаніц Езуса, які тычыцца таксама і нас. Для гэтага, па сутнасці, мы тут і знаходзімся: каб увайсці ў Таямніцу, якую Бог учыніў сваім чуваннем любові. Нельга жыць Пасхай, не ўваходзячы ў таямніцу. Яна з’яўляецца не інтэлектуальным фактам. Аб ім не дастаткова толькі ведаць, чытаць. Гэта большае, нашмат большае”, - сказаў Папа.

Паводле Пантыфіка, “увайсці ў таямніцу” азначае стаць здольным здзіўляцца, сузіраць, слухаць і адчуваць голас гучнага маўчання, якім Бог прамаўляе да людзей.

“Увайсці ў таямніцу азначае ісці супраць зручных бяспекаў, супраць ляноты і абыякавасці, якія нас спыняюць, станавіцца на шлях пошуку праўды, прыгажосці і любові, шукаць глыбокі сэнс, не банальныя адказы на пытанні, якія ставяць у тупік нашу веру, вернасць і розум. Каб увайсці ў таямніцу, патрэбна пакора, пакорная здольнасць прынізіцца, сысці з п’едэсталу нашага вельмі пыхлівага “я”, нашай саманадзейнасці; пакорная здольнасць паглядзець на сябе па-іншаму, прызнаючы тое, кім на самой справе з’яўляемся: стварэннямі, са слабасцямі і дэфектамі, грэшнікамі, якія патрабуюць прабачэння. Каб увайсці ў таямніцу, трэба такое прыніжэнне, якое з’яўляецца бяссіллем, адмаўленнем ад уласных ідалаў... адарацыя. Без адарацыі немагчыма ўвайсці ў таямніцу”, - сказаў Папа.

Усяму гэтаму, па словах Пантыфіка, навучаюць вучаніцы Езуса; яны чувалі на працягу ўсёй ночы, як і Марыя. “Навучымся ад іх чуванню з Богам і Марыяй, нашай Маці, каб увайсці ў Таямніцу, якая вядзе са смерці да жыцця”, - заклікаў Святы Айцец.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.