Папа Францішак скіраваў спецыяльнае пасланне да ўдзельнікаў “Саміту Амерык”, які праходзіць 10-11 красавіка ў Панаме. Пантыфік выказаў “падтрымку адкрытаму дыялогу”, які грунтуецца на ўзаемным супрацоўніцтве і імкненні да агульнага дабра.
Святы Айцец нагадаў палітычным лідарам Паўночнай і Паўднёвай Амерык, што “няроўнасць, несправядлівае размеркаванне багаццяў і рэсурсаў з’яўляецца крыніцай канфліктаў і гвалту сярод народаў”. Дабрабыт, які дасягаецца праз уціск іншых, “несправядлівы карэнным чынам”, падкрэсліў Папа і дадаў, што ніводны чалавек не можа быць выключаны з магчымасці карыстацца фундаментальнымі правамі. Пантыфік нагадаў, што многія краіны перажываюць у апошнія гады моцны эканамічны рост, у той час як іншыя працягваюць жыць у галечы. Акрамя таго, у краінах з эканомікай на шляху развіцця назіраецца велізарны разрыў паміж багатымі і беднымі.
Папа ў чарговы раз заклікаў да “глабалізацыі салідарнасці і братэрства”, а не “дыскрымінацыі і абыякавасці”, бо менавіта такі падыход здольны вылечыць “хваробы грамадства”.
Пантыфік не абмінуў і тэму міграцыі, нагадаўшы, што людзі, якія вымушана пакідаюць свае краіны, становяцца лёгкай здабычай гандляроў людзьмі. Адсутнасць супрацоўніцтва паміж дзяржавамі пакідае многіх з іх “па-за законам і без магчымасці адстойваць свае правы”.
У асобна ўзятых краінах ствараюцца адрозненні, якія Папа назваў “скандальнымі і абразлівымі”, асабліва ў адносінах да карэнных народаў, у сельскай мясцовасці або ў прыгарадах буйных гарадоў. “Без сапраўднай абароны гэтых людзей ад расізму, ксенафобіі і нецярпімасці вяршэнства закона страціць сваю легітымнасць”, - лічыць Святы Айцец.
Папа назваў “Саміт Амерык” сапраўднай магчымасцю “навядзення мастоў, каналаў сувязі, будавання адносін”, умацавання міру, справядлівасці, салідарнасці і супрацоўніцтва, праз павагу да “законнай аўтаноміі кожнага народа”.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(AG)
|