Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
“Выхад – фундаментальны досвед паклікання”: Папа скіраваў пасланне на Сусветны дзень малітвы аб пакліканнях
Святы Айцец
14.04.2015 15:18

Святы Айцец скіраваў пасланне на 52-і Сусветны дзень малітвы аб пакліканнях. Ён адзначаецца ў Касцёле па традыцыі ў ІV Велікодную нядзелю, якая прыпадае сёлета на 26 красавіка. “Выхад – фундаментальны досвед паклікання” – такі загаловак носіць дакумент.

Папа Францішак нагадаў, што Касцёл з’яўляецца “місійным па сваёй прыродзе”, а “хрысціянскае пакліканне можа ўзнікнуць толькі ў досведзе місіі”. “Прысвячэнне свайго жыцця ў гэтай місійнай паставе магчыма толькі тады, калі мы ў стане выйсці з саміх сябе”, - падкрэсліў Пантыік і ўдакладніў, што гаворка ідзе пра адмысловы “выхад”, а менавіта пра “наш адказ на пакліканне, якое Бог нам дае”. Папа нагадаў гісторыю збаўлення, якая заўсёды ўключала ў сябе выхад з няволі да свабоды, з “рабства старога чалавека да новага жыцця ў Хрысце”.

У цэнтры кожнага хрысціянскага паклікання стаіць вопыт веры, нагадаў Папа. Верыць – значыць адмовіцца ад сябе, ад камфорту і бескампраміснасці ўласнага “я”, каб засяродзіць жыццё на Езусе Хрысце. Досвед выхаду – гэта ўвогуле мадэль хрысціянскага жыцця, лічыць Папа, асабліва для тых, хто пакліканы да святарства і законнага жыцця. “Адказаць на заклік Бога – гэта дазволіць Яму вывесці нас з нашай ілжывай стабільнасці” на шлях да Езуса Хрыста, прычым, выхад у бок Збаўцы – гэта таксама “шлях да поўнага разумення чалавека і чалавечага і грамадскага развіцця ў гісторыі”. Менавіта таму хрысціянскае пакліканне “стымулюе адначасова да салідарных дзеянняў па вызваленні братоў, асабліва самых бедных”, гаворыцца ў дакуменце.

У сваім пасланні Святы Айцец звярнуўся да маладога пакалення, якое часта перажывае “нявызначанасць і асцярогі ў абліччы будучыні”. Прэсінг штодзённасці можа “пагражаць паралічом матываў, падаўленнем мараў да такой ступені, што маладыя людзі гатовы думаць, што не варта намагацца і што Бог веры абмяжуе іх свабоду”, заўважыў Папа. Пантыфік заклікаў моладзь не баяцца выходзіць “з уласных абмежаванняў” і даць Богу магчымасць здзівіць сваім пакліканнем. Гэта рэцэпт “больш насычанага і радаснага” жыцця.

На заканчэнне паслання гучыць заклік да Панны Марыі, якая не пабаялася сказаць сваё “так” Богу, суправаджаць маладых людзей на шляху іх паклікання.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.