26 красавіка ў базыліцы св. Пятра Папа Францішак удзяліў сакрамэнт пасвячэння дзевятнаццаці дыяканам. “Станавіцца падобнымі да Хрыста – найвыйшэйшага і вечнага святара”, каб быць “прапаведнікамі Евангелля, пастырамі народу Божага”, заклікаў Святы Айцец у гаміліі.
Папа нагадаў, што ў Хрысце ўсе вернікі з’яўляюцца святарскім народам, але сярод іх Пан выбірае некаторых, каб працягвалі ў Касцёле Яго місію настаўніка, святара і пастыра.
Звяртаючыся да будучых святароў, Пантыфік даў некаторыя “практычныя” парады. У першую чаргу адносна гамілій, якія павінны паходзіць з сэрца святара і сягаць у самае сэрца людзей. Гамілія павінна быць умацавана прыкладам жыцця, падкрэсліў Папа. “Водар вашага жыцця няхай будзе сведчаннем, таму што прыклад умацоўвае, а словы без прыкладу – пустыя, яны з’яўляюцца толькі ідэямі і ніколі не дасягаюць сэрцаў, ці нават наадварот, наносяць шкоду: не робяць добра”, - сказаў Святы Айцец.
Імша не з’яўляецца “штучным рытуалам”, заўважыў Пантыфік і заклікаў святароў цэлебраваць літургію не спяшаючыся, прымаючы глыбокі ўдзел у таямніцы смерці і ўваскрасення Пана. Таксама Папа заахвоціў святароў “не стамляцца быць міласэрнымі”, удзяляючы сакрамэнт пакаяння, і не асуджаць вернікаў. Па словах Пантыфіка, святар павінен здзяйсняць сваё служэнне такім чынам, каб падабацца Богу, а не сабе.
Сярод дыяканаў, якім Святы Айцец удзяліў сакрамэнт пасвячэння, былі навучэнцы Вышэйшай папскай рымскай духоўнай семінарыі, Дыяцэзіяльнага місійнага калегіума “Redemptoris Mater”, семінарыі Маці Божай Любові, а таксама члены манаскай кангрэгацыі Сям’і вучняў, канвентуальныя францішкане і прадстаўнік малабарскага абраду.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|