Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Абама пра Папу Францішка: гэта «лідар перамен»
Святы Айцец
28.04.2015 17:53

У сваім апошнім інтэрв’ю, якое вышла 27 красавіка на старонках The Wall Street Journal, Барак Абама высока ацаніў Папу Францішка і яго ролю ў барацьбе з беднасцю, ахове навакольнага асяроддзя і падтрымцы мірных ініцыятыў.

Прэзідэнт ЗША назваў Пантыфіка «экстраардынарнай асобай» і «лідарам перамен», не толькі для Каталіцкага Касцёла, але і для ўсяго свету. 

Палітык спаслаўся на сваю апошнюю размову з Папам, якая адбылася год таму ў Ватыкане, і адзначыў, што шмат часу тады было прысвечана праблеме беднасці і таму, як яе можна перамагчы ў маштабе ўсёй планеты. Абама выказаў здагадку, што гэта тэма будзе і ў далейшым выклікаць зацікаўленасць Папы Францішка.

Размова ў сакавіку 2014 г. ішла таксама пра змены клімату. Прэзідэнт пагадзіўся са Святым Айцом, які неаднаразова заклікаў людзей быць добрымі распарадчыкамі планеты. Паводле яго, Пантыфік абсалютна правільна выказвае сваю занепакоенасць высокім узроўнем канфліктнасці ў свеце і шмат робіць, каб знізіць яго, у тым ліку на Блізкім Усходзе, дзе хрысціяне жорстка пераследуюцца. «І мы будзем вельмі цесна кансультавацца з Касцёлам аб тым, як мы можам абараніць рэлігійныя меншасці ў некаторых з гэтых зон баявых дзеянняў», — прызнаўся Абама.

У інтэрв’ю прагучала ўзгадка аб восеньскім візіце Папы Францішка на Кубу. Ён адбудзецца па дарозе ў ЗША. Вядома, што ватыканская дыпламатыя шмат зрабіла для збліжэння гэтых дзвюх краін. Амерыканскі лідар перакананы, што новыя адносіны — гэта «лепшы шанец для стварэння новых ініцыятыў і новых магчымасцяў для свабоды кубінскага народа».

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU)

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.