Папа Францішак хацеў бы, каб, убачыўшы беднага ў храме, парафіяльныя супольнасці станавіліся на калені, поўныя глыбокай пашаны, як быццам да іх прыйшоў сам Пан. Гэтай марай Пантыфік падзяліўся ў відэапасланні да падапечных рымскай “Caritas”.
28 красавіка ў сталічным тэатры “Brancaccio” яны прадставілі спектакль, у якім распавялі аб сваім складаным досведзе.
“Тое, як вы звяртаецеся да гэтага горада, — сказаў Папа, — гэта магчымасць для дыялогу і важнага абмену: вы – на кафедры, паказваючы вашы скрытыя здольнасці, а іншыя – уважліва гледзячы на вас і, я ўпэўнены, захапляючыся прадстаўленым ім багаццем. Хто б мог падумаць, што ад бяздомнага можна чамусьці навучыцца? Хто б мог падумаць, што бяздомны можа быць святым? Між тым, сёння гэта вы будзеце перадаваць са сцэны каштоўнае вучэнне пра любоў, пра неабходнасць у іншым, пра салідарнасць, пра тое, як у разгар цяжкасцяў выявіць любоў Айца”.
Пантыфік нагадаў, што сам Хрыстус стаў убогім і абраў гэты шлях, каб суцешыць, збавіць і вызваліць нас ад нашай галечы. Сапраўдную свабоду, збаўленне і шчасце дае нам Яго спачувальная, пяшчотная і шчодрая любоў, сказаў Папа і дадаў, звяртаючыся да беднякоў: “Вы для нас – не цяжар. Вы – багацце, без якога нашы намаганні выявіць аблічча Пана – марныя”.
Святы Айцец падзякаваў супрацоўнікам і валанцёрам рымскай “Caritas”, якія, як адзначыў, з’яўляюцца яго рукамі, што дакранаюцца да цела Хрыста. Папа нагадаў, што Касцёл у Рыме мае доўгую традыцыю клопату пра бедных. “Як я хацеў бы, каб рымскі Касцёл адзначаўся любоўю да бедных, адкрыццём на тых, хто бяжыць ад вайны і смерці. Каб вылучаўся гатоўнасцю дапамагчы, усмешкай і велікадушнасцю ў адносінах да таго, хто страціў надзею. Я вельмі хацеў бы, каб мы дакраналіся да цела Хрыста, які прысутнічае ў патрабуючых гэтага горада”, — сказаў Пантыфік.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|