Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак на адкрыццё “Expo 2015” пра “парадокс багацця”
Святы Айцец
01.05.2015 17:39

“Голас Біскупа Рыма, які кажа ад імя Божага народа, што пілігрымуе па ўсім свеце, - гэта голас многіх бедных людзей, якія з’яўляюцца часткай гэтага народа і з годнасцю спрабуюць зарабіць сабе на хлеб у поце твару свайго”, - так распачаў 1 мая сваё відэапасланне да ўдзельнікаў цырымоніі адкрыцця выставы “Expo 2015” у Мілане Папа Францішак. Пасланне прагучала ў прамым эфіры дзякуючы тэлемасту паміж Ватыканам і Міланам.

Пантыфік пажадаў, каб словы “Накарміць планету. Энергія для жыцця” не засталіся толькі тэмай форуму, але знайшлі сваю рэалізацыю ў канкрэтных праектах для дапамогі мільёнам галодных на планеце. Папа выказаў спадзяванне, што кожны наведвальнік “Expo”, дзякуючы шматлікім павільёнам, “зможа адчуць прысутнасць гэтых асоб”, і што апошнія стануць “сапраўднамі героямі мерапрыемства”.

“Парадокс багацця” па-ранейшаму мае месца ў свеце, нягледзячы на намаганні і некаторыя добрыя вынікі, звярнуў увагу Папа і дадаў, што “нават “Expo”, у некаторых адносінах, з’яўляецца часткай” яго, “калі падпарадкоўваецца культуры марнатраўнасці, адходаў і не спрыяе мадэлі справядлівага і ўстойлівага развіцця”. Пантыфік выказаў надзею, што форум зробіць свой уклад у “змену менталітэту”, які ўтрымлівае меркаванне, “што нашы штодзённыя дзеянні (...) не ўплываюць на жыццё тых, хто побач або далёка церпіць ад голаду”.

Святы Айцец пажадаў, каб “Пан даў мудрасці і мужнасці ў такой вялікай адказнасці” для практыкаў і даследчыкаў харчовай прамысловасці, і выказаў надзею, што іх праца стане часткай “вялікага праекту салідарнасці”: накарміць свет і зрабіць гэта з павагай да навакольнага асяроддзя. Папа назваў гэта Божым выклікам для чалавецтва ХХІ стагоддзя.

Пантыфік заклікаў не забыцца пра ўсіх, хто рыхтаваў міланскую “Expo”, асабліва пра найбольш “схаваных і непрыкметных”, якія дзякуючы выставе зарабілі на хлеб, каб прынесці яго ў свае дамы. “Няхай ніхто не будзе пазбаўлены гэтай годнасці! Няхай ніводзін хлеб не стане вынікам працы, не годнай чалавека!” - сказаў Папа і пажадаў выкарыстаць “выдатную магчымасць” правядзення форуму з адказнасцю.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.