Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пантыфік пра плёны даверу Богу ў складаных сітуацыях
Святы Айцец
06.05.2015 10:57

Каб увайсці ў Божае Валадарства, неабходна прайсці праз цёмныя і складаныя моманты, нагадаў Папа Францішак 5 мая падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. У сваёй гаміліі Святы Айцец пахіліўся над трыма галоўнымі паняццямі, якія прагучалі ў літургічных чытаннях: выпрабаванняў, даверу і спакою.

Гаворка не ідзе пра тое, каб атрымліваць асалоду ад пакутаў, падкрэсліў Папа, але пра сапраўдную «хрысціянскую барацьбу» супраць д’ябла, які намагаецца адлучыць людзей ад слова Божага, ад веры і надзеі.

Заклік «пераносіць цярпенні» часта паўтараецца ў пасланнях св. Паўла, заўважыў Папа Францішак. «Пераносіць», па словах Пантыфіка, азначае больш, чым проста быць цярплівым. Гэта значыць несці на плячах цяжар выпрабаванняў, ад якіх не абаронена і хрысціянскае жыццё. «Але Езус кажа: “Будзьце мужнымі ў гэтыя моманты. Я перамог, і вы таксама будзеце пераможцамі», — нагадаў Папа Францішак, падкрэсліўшы, што гэтае абяцанне Збаўцы павінна быць святлом у цёмныя жыццёвыя перыяды.

Святы Айцец адзначыў важнасць даверу Богу ў складаных сітуацыях, бо толькі Ён здольны даць сілу, трываласць у веры і надзею. «Давяраць Пану гэты цяжкі момант, самога сябе, давяраць Пану нашых вернікаў, нас, святароў, біскупаў, давяраць Пану нашы сем’і, нашых сяброў і казаць Яму: “Клапаціся аб іх, яны Твае», — заклікаў Папа прысутных на Эўхарыстыі. Падобныя звароты да Бога, на думку Папы Францішка, з’яўляюцца цудоўнай хрысціянскай малітвай, да якой вернікі звяртаюцца нячаста.

Падсумоўваючы сказанае, Папа Францішак адзначыў, што кожны чалавек вымушаны ісці шляхам выпрабаванняў, што з’яўляецца «законам жыцця», але ў гэтыя цяжкія моманты трэба давяраць Богу, які адказвае дарам сапраўднага спакою. Святы Айцец заклікаў вернікаў прасіць Пана ў малітве аб гэтым дары.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.