Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа сустрэўся з Прэзідэнтам Кубы
Святы Айцец
10.05.2015 15:41

10 мая адбылася прыватная размова Папы Францішка з Прэзідэнтам Рэспублікі Куба Раулем Кастра. Сустрэча, якая працягвалася каля гадзіны, прайшла ў папскім кабінеце пры Зале Паўла VI і завяршылася працяглым і сардэчным поціскам рук. Гэта быў першы візіт цяперашняга кіраўніка Кубы ў Ватыкан.

Яго брат і папярэднік Фідэль Кастра быў прыняты св. Янам Паўлам II 19 лістапада 1996 г.

Рауль Кастра быў сустрэты ля ўваходу ў Залу Паўла VI прэфектам Папскага дому арцыбіскупам Георгам Генсвайнам, субстытутам Святога Пасаду арцыбіскупам Анджэло Бэчу і сакратаром па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі арцыбіскупам Полам Галахерам.

Затым Прэзідэнт паразмаўляў з Папам. Па словах кіраўніка Прэс-службы Апостальскай Сталіцы а. Фэдэрыко Ламбардзі, сустрэча была «вельмі сардэчнай»; Рауль Кастра «жадаў падзякаваць Святому Айцу за актыўную ролю, якую ён адыграў у паляпшэнні адносін паміж Кубай і Злучанымі Штатамі», і, акрамя таго, расказаў Пантыфіку аб пачуццях, з якімі кубінскі народ чакае яго візіту на востраў у верасні 2015 г.

З кіраўніком дзяржавы прыбыла дэлегацыя з 10 чалавек, у тым ліку намеснік прэм’ер-міністра, міністр замежных спраў і пасол Кубы пры Святым Пасадзе.

Папа ўручыў Прэзідэнту сваю Апостальскую адгартацыю «Evangelii Gaudium» і медальён з выявай св. Марціна, які ўкрывае сваім плашчом беднага. Пантыфік сказаў, што асабліва ахвотна ўручае гэты падарунак, каб ён нагадваў пра неабходнасць дапамогі і абароны бедных і іх годнасці.

Кубінскі лідар спыніўся ў Рыме на зваротным шляху з Масквы, дзе ўдзельнічаў ва ўрачыстасцях з нагоды 70-годдзя заканчэння Вялікай Айчыннай вайны.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.