Гэта
архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе
catholic.by
Папа кананізуе чатырох заснавальніц манаскіх супольнасцяў |
Святы Айцец
|
13.05.2015 14:04 |
17 мая Папа Францішак узначаліць урачыстую Імшу, падчас якой будуць кананізаваны чатыры законніцы, якія жылі ў XIX стагоддзі: францужанка Жанна Эмілі дэ Вільнёў, італьянка Крысціна Марыя Брандо і палестынкі Марыям Бавардзі і Мары-Альфонсін Гатас, прычым дзве апошнія стануць першымі палестынскімі законніцамі, кананізаванымі Каталіцкім Касцёлам.
Жанна Эмілі дэ Вільнёў (1811-1854) з’яўляецца заснавальніцай манаскай супольнасці Сясцёр Маці Божай Беззаганнага Зачацця. Сёстры маюць перад сабой задачы дапамагаць бедным: маладым рабочым, хворым, зняволеным і працуюць сёння ў 18 краінах.
Крысціна Марыя Брандо нарадзілася ў Неапалі ў 1856 г. У 12 гадоў вырашыла прысвяціць сябе Богу. Бацька быў супраць, але потым дазволіў ёй уступіць у кляштар кларысак у Фіярэнціне. У 1878 г. заснавала супольнасць Сясцёр адкупленчай Ахвяры Езуса ў Найсвяцейшым Сакрамэнце. Памерла ў 1906 г. пасля працяглай хваробы.
Мары-Альфонсін Гатас (1843-1927) нарадзілася ў Ерузалеме. Большую частку жыцця правяла, дапамагаючы бедным і навучаючы дзяцей у школах і дзіцячых дамах. Заснавальніца Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшага Ружанца. У 2009 г. была абвешчана благаслаўлёнай.
Марыям Бавардзі нарадзілася ў Галілеі ў 1843 г. Стала законніцай у Францыі і працавала ў місійных супольнасцях ў Віфлееме і Індыі. Ёй прыпісваюць дар прароцтва і стыгматы. Памерла ад гангрэны ў 1878 ва ўзросце 33 гадоў. Папа Ян Павел II абвясціў яе благаслаўлёнай у 1983 г.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на
Catholic.By абавязкова.