Папа Францішак скіраваў відэапасланне да народа Босніі і Герцагавіны з нагоды апостальскага падарожжа ў Сараева, якое здзейсніць 6 чэрвеня. Святы Айцец адзначыў, што сваім візітам жадае ўмацаваць у веры мясцовых католікаў, падтрымаць экуменічны і міжрэлігійны дыялог і, перш за ўсё, заахвоціць да мірнага суіснавання ў краіне.
Пантыфік заклікаў маліцца, каб яго падарожжа прынесла жаданыя плёны для хрысціянскай супольнасці і ўсяго баснійскага грамадства.
«“Спакой вам” – гэта дэвіз майго візіту. Гэта словы, якімі ўваскрослы Езус прывітаў сваіх вучняў, калі аб’явіўся паміж імі ў Вячэрніку, у вечар Пасхі. І Ён, Пан, наша сіла і надзея, няхай дасць вам спакой, каб прынялі яго ў сэрца і распаўсюджвалі з радасцю і любоўю», — сказаў Папа.
Пантыфік заўважыў, што рыхтуецца прыбыць у Боснію і Гарцагавіну ў якасці пасланніка спакою, «каб выказаць усім» сваю павагу і сяброўства. «Я б хацеў абвясціць кожнай асобе, кожнай сям’і і кожнай супольнасці міласэрнасць, пяшчоту і любоў Божую», - падкрэсліў Святы Айцец. Папа запэўніў жыхароў балканскай краіны ў сваёй любові і моцнай духоўнай еднасці, заклікаў мясцовых католікаў быць сведкамі веры і любові Божай, дапамагаючы грамадству крочыць у напрамку міру, у радасці і ўзаемным супрацоўніцтве.
У рамках візіту ў Сараева Папа Францішак сустрэнецца з Прэзідэнтам Босніі і Герцагавіны і прадстаўнікамі ўраду, узначаліць Эўхарыстыю на сталічным стадыёне, правядзе абед з мясцовымі біскупамі, сустрэнецца з духавенствам і законнікамі, прадстаўнікамі канфесій і рэлігій, а таксама моладдзю.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|