Пантыфік прафінансаваў пілігрымку бяздомных у Турын |
Святы Айцец
|
03.06.2015 16:37 |
Папа Францішак прафінансаваў паездку двух аўтобусаў з рымскімі бяздомнымі ў Турын з нагоды выстаўлення знакамітай Плашчаніцы. Гэтай інфармацыяй падзяліўся ў інтэрв’ю італьянскай “La Stampa” Папскі элемазінарый арцыбіскуп Конрад Краеўскі.
«Пілігрымка бяздомных з’яўляецца адным з этапаў падрыхтоўкі да папскага візіту ў гэты горад, які адбудзецца 21-22 чэрвеня», — сказаў іерарх, адказны за папскую дабрачынную дзейнасць. «Святы Айцец хоча, каб бедныя Рыма пабачылі Плашчаніцу яшчэ перад ім», — дадаў арцыбіскуп.
Уся паездка была прафінансавана Папам Францішкам. Першая група з 50 бяздомных выехала ў Турын 3 чэрвеня раніцай. Яшчэ адна, з 70 чалавек, адправіцца туды на наступным тыдні.
Сам Папа правядзе ў сталіцы П’емонта два дні: 21 і 22 чэрвеня. Галоўным пунктам падарожжа, вядома, стане наведванне і малітва каля Турынскай плашчаніцы, што адбудзецца ў першай палове першага дня візіту. Падчас прабывання ў Турыне Пантыфік сустрэнецца з рабочымі, фермерамі і прадпрымальнікамі, паабедае з групай зняволеных з мясцовай турмы для непаўналетніх, сустрэнецца з непаўнаспраўнымі, моладдзю, пратэстанцкай супольнасцю, узначаліць нядзельную Эўхарыстыю на плошчы ў цэнтры горада.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|