6 чэрвеня Папа Францішак пачаў сваё восьмае замежнае падарожжа ў сталіцу Босніі і Герцагавіны – Сараева.
Падчас пералёту Святы Айцец прывітаў журналістаў, якія суправаджалі яго, і нагадаў, што прыбывае ў сталіцу Босніі і Герцагавіны ў якасці пілігрыму спакою, каб казаць аб спакоі і маліцца аб ім. Папа нагадаў таксама, што жыхары гэтага горада шмат пакутавалі ў мінулым, а зараз крочаць цудоўным шляхам да міру.
Цырымонія прывітання Пантыфіка праходзіла з усімі належнымі атрыбутамі: ганаровай вартай, узняццем дзяржаўных сцягоў і выкананнем гімнаў. Папу сустракалі прадстаўнікі мясцовых палітычных і касцёльных уладаў, шматлікія вернікі. У зале для ганаровых гасцей Папа прывёў кароткую размову з Драганам Човічам – харвацкім членам Прэзідыума Босніі і Герцагавіны, структуры, якая з’яўляецца калектыўным вышэйшым органам выканаўчай улады гэтай краіны. Каталіцкая меншасць тут прадстаўлена менавіта харвацкім насельніцтвам.
Звяртаючыся да мясцовых палітыкаў, членаў дыпламатычнага корпуса, каталіцкіх біскупаў і кіраўнікоў іншых канфесій і рэлігій падчас сустрэчы ў Прэзідэнцкім палацы, Святы Айцец нагадаў пра неабходнасць крочыць у напрамку ўмацавання даверу і ўзаемнай павагі.
“Мне прыемна знаходзіцца ў гэтым горадзе, які шмат пакутаў ад крывавых канфліктаў мінулага стагоддзя і зноў стаў месцам дыялогу і мірнага суіснавання”, - заўважыў Папа. Сараева перайшло ад культуры супрацьстаяння і вайны да культуры сустрэчы і таму мае асаблівае значэнне для Еўропы і ўсяго свету, дадаў Пантыфік.
“На працягу стагоддзяў на гэтых тэрыторыях знаходзіліся супольнасці, які вызнавалі розныя рэлігіі і належалі да розных народнасцяў і культур, кожная з якіх багатая сваімі ўнікальнымі характарыстыкамі і ганарыцца сваімі асаблівымі традыцыямі, што на працягу доўгага часу не перашкаджала ўстанаўленню ўзаемных сяброўскіх і сардэчных адносін”, -адзначыў Святы Айцец.
Сараева, дадаў Папа, называюць “Ерузалемам Еўропы”; гэтая роля патрабуе будавання заўсёды новых мастоў і аднаўлення існуючых. Людзі, сем’і і супольнасці павінны дзяліцца каштоўнасцямі сваёй культуры і прымаць дабро, якое паходзіць з досведу іншых, - так можна залячыць цяжкія раны нядаўняга мінулага, заўважыў Святы Айцец.
Пантыфік нагадаў, што пасля заканчэння грамадзянскай вайны быў дасягнуты значны прагрэс, але неабходна працягваць ісці да аднаўлення даверу і ўмацавання ўзаемнага знаёмства і павагі.
“Каб садзейнічаць гэтаму шляху, фундаментальнай з’яўляецца блізкасць і супрацоўніцтва міжнароднай супольнасці, асабліва Еўрапейскага Саюза, а таксама ўсіх краін і арганізацый, якія прысутнічаюць і дзейнічаюць на тэрыторыі Босніі і Герцагавіны. Сапраўды, Боснія і Герцагавіна з’яўляецца неад’емнай часткай Еўропы; яе поспехі і драмы цалкам уключаюцца ў еўрапейскія поспехі і драмы і ў той жа час з’яўляюцца сур’езным папярэджаннем для прыкладання намаганняў, каб пачатыя мірныя працэсы станавіліся ўсё больш моцнымі і незваротнымі”, - сказаў Папа.
Па словах Пантыфіка, згода паміж харватамі, сербамі і баснійцамі ў Босніі і Герцагавіне, а таксама сардэчныя адносіны паміж мясцовымі мусульманамі, яўрэямі і хрысціянамі, маюць важнасць не толькі ў межах краіны.
“Яны сведчаць усяму свету, што супрацоўніцтва паміж рознымі народамі і рэлігіямі дзеля супольнага дабра – магчымае; што плюралізм культур і традыцый можа існаваць і даваць жыццё арыгінальным і эфектыўным рашэнням праблем; што нават самыя глыбокія раны могуць быць залечаны шляхам, які ачышчае памяць і дае надзею на будучыню. Я бачыў сёння гэту надзею ў тых дзецях, якія віталі мяне ў аэрапорце – мусульманскіх, праваслаўных, яўрэйскіх, каталіцкіх і іншых меншасцяў – усе разам, радасныя. Гэта надзея! Зробім стаўку на гэта!” - сказаў Папа.
Пантыфік заклікаў супрацьстаяць варварству тых, хто намагаецца ператвараць адметнасці ў нагоду для насілля. З разнастайнасці галасоў неабходна утварыць шляхетны і гарманічны спеў, а не фанатычны вокліч нянавісці, сказаў Папа. Святы Айцец нагадаў палітыкам аб пакліканні быць галоўнымі абаронцамі фундаментальных правоў насельніцтва краіны, да якіх, у першую чаргу, адносіцца свабода веравызнання. Таксама Пантыфік адзначыў важнасць захавання роўнасці грамадзян усіх веравызнанняў і нацыянальнасцяў перад законам.
Выходзячы з Прэзідэнцага палаца, Папа выпусціў двух белых галубоў.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|