Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа да баснійскай моладзі: “Ад вас я чакаю сумленнасці”
Святы Айцец
07.06.2015 16:28

На заканчэнне аднадзённага візіту ў Сараева, які праходзіў 6 чэрвеня, Папа Францішак сустрэўся з баснійскай моладдзю ў дыяцэзіяльным моладзевым цэнтры імя Яна Паўла ІІ – структуры, якая рэалізуе шматлікія праекты ў галіне міжэтнічнага і міжрэлігійнага дыялогу. Святы Айцец адказаў на пытанні юнакоў і дзяўчат.

Адно з іх тычылася якасці сучасных тэлевізійных праграм. Пантыфік нагадаў пра адказнасць тэлевізійных цэнтраў за пашырэнне дабра і будаванне грамадства на высокіх каштоўнасцях. З іншага боку Святы Айцец звярнуў увагу і на адказнасць тэлегледачоў, пакліканых выбіраць для прагляду тое, што карысна. “Калі бачу, што праграма не чыніць мне добра, разбурае мае каштоўнасці, робіць мяне вульгарным (...) – павінен пераключыць канал”, - сказаў Папа. Тое самае, па словах Пантыфіка. тычыцца і камп’ютара: “Калі ты, хлопец, жывеш у прывязанасці да камп’ютара і становішся яго слугой, губляеш свабоду. А калі ў камп’ютары шукаеш брудныя праграмы, губляеш годнасць!”

Таксама Папа Францішак чарговы раз нагадаў пра важнасць будавання мастоў, а не муроў, у краіне, якая яшчэ нядаўна была падзелена крывавым грамадзянскім канфліктам. “Вы кветкі пасляваеннай вясны – працуйце ўсе разам дзеля міру”, - сказаў Пантыфік.

Гэтая праца, па словах Папы, павінна быць канкрэтнай і сумленнай. “Усе кажуць аб міры: некаторыя моцныя гэтага свету кажуць цудоўныя рэчы пра мір, а самі прадаюць зброю! Ад вас я чакаю сумленнасці: сумленнасці ў тым, што думаеце, што адчуваеце і што робіце. Інакш гэта будзе крывадушнасць”, - заўважыў Святы Айцец.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.