Пытанне аб Меджугор’і, спрыянне міру, спажывецтва, якое знішчае моладзь, – гэтыя тэмы былі галоўнымі падчас прэс-канферэнцыі на борце самалёта, якую Папа Францішак правёў, вяртаючыся ў Рым пасля візіту ў Сараева 6 чэрвеня.
Адказваючы на пытанне адносна меркаваных аб’яўленняў Маці Божай у Меджугор’і, Пантыфік нагадаў, што гэтай тэмай займалася спецыяльная камісія пад кіраўніцтвам кардынала Каміла Руіні, створаная Бэнэдыктам XVI. Яна падрыхтавала справаздачу, якую разглядае Кангрэгацыя Веравучэння з мэтай прыняцця канчатковага рашэння.
Гаворачы пра свае еўрапейскія падарожжы, Святы Айцец падкрэсліў, што хацеў наведаць “перыферыі” кантынента, як, напрыклад, Албанію і Боснію і Герцагавіну. “Гэта сігнал. Я хацеў пачаць наведваць Еўропу, пачынаючы ад самых маленькіх краін, а балканскія краіны – гэта краіны-мучаніцы: яны пакутавалі шмат! Таму я аддаў перавагу ім!” - сказаў Пантыфік.
Таксама Папа ў чарговы раз заўважыў, што недастаткова проста казаць аб міры ў свеце, але трэба спрыяць яму канкрэтным чынам, і адзначыў факт крывадушнасці тых, хто заклікае да супакою, але садзейнічае войнам, прадаючы зброю.
Святы Айцец падверг крытыцы спажывецтва і рэлятывізм, якія назваў “ракам грамадства”, а таксама заклікаў бацькоў сачыць за тым, якую інфармацыю дзеці чэрпаюць з камп’ютара.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|