| Папа Францішак: гендэрная ідэалогія – пагроза сужэнству |
| Святы Айцец |
| 08.06.2015 17:10 |
|
Сакрамэнт сужэнства – гэта адзін з найкаштоўнейшых скарбаў лацінаамерыканскіх народаў і яго неабходна бараніць, падкрэсліў Пантыфік. Папа заклікаў пуэртарыканскіх біскупаў умацаваць душпастырства сем’яў перад абліччам цяжкіх сацыяльных праблем, якія выклікаюць заклапочанасць: “складанай эканамічнай сітуацыяй, эміграцыяй, хатнім насіллем”, а таксама “беспрацоўем, наркатрафікам і карупцыяй”. Узаемадапаўняльнасць мужчыны і жанчыны, якія з’яўляюцца вяршыняй Божага стварэння, ставіцца пад сумнеў так званай гендэрнай ідэалогіяй “у імя больш свабоднага і справядлівага грамадства”, заўважыў Папа. На самой справе, адметнасці паміж мужчынам і жанчынай існуюць не для супрацьстаяння паміж імі або падпарадкавання аднаго другому, але для еднасці і пракрэацыі, заўсёды на вобраз і падабенства Бога. “Без узаемнага ўкладу ніводзін з двух не зможа глыбока зразумець сябе”, - сказаў Папа. Гаворачы аб іншых тэмах, Пантыфік заклікаў пуэртарыканскіх біскупаў быць адзінымі паміж сабой і не губляць сілы на падзелы і канфлікты. Адзінства спрыяе місійнай дзейнасці, падкрэсліў Святы Айцец. Папа нагадаў пра важнасць захавання дыстанцыі паміж біскупам і рознымі ідэалогіямі ці палітычнымі тэндэнцыямі. Пантыфік заахвоціў клапаціцца аб пакліканнях і супрацоўнічаць з асацыяцыямі і рухамі свецкіх вернікаў у абвяшчэнні Евангелля ва ўсіх асяродках, у тым ліку ў самых варожых і далёкіх ад Касцёла. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (АлГ) |


Прыгажосць сужэнства ставіцца пад пагрозу гендэрнай ідэалогіяй, падкрэсліў Папа Францішак 8 чэрвеня ў звароце да біскупаў з Пуэрта-Рыка, якіх прыняў на аўдыенцыі у рамках візіту “ad limina Apostolorum”. Значная частка паслання, якое Святы Айцец уручыў іерархам, была прысвечана пытанням душпастырства сям’і.
для друку
Ватыканскае радыё