Папа Францішак сустрэўся з Уладзімірам Пуціным |
Святы Айцец
|
11.06.2015 12:31 |
Вечарам 10 чэрвеня ў Ватыкан прыбыў Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі Уладзімір Пуцін. Прэфект Папскага дому арцыбіскуп Георг Генсвайн сустрэў палітыка ў двары Апостальскага палаца і правoдзіў на сустрэчу з Папам Францішкам. Яна працягвалася каля 50 хвілін.
Як і чакалася, размова была прысвечана дзвюм цэнтральным тэмам: канфліктам ва Украіне і на Блізкім Усходзе.
Святы Айцец заўважыў, што неабходна прыкласці шчырыя і значныя намаганні для дасягнення міру ва Украіне, і нагадаў аб важнасці аднаўлення атмасферы дыялогу і выканання ўсімі бакамі абавязацельстваў Мінскіх пагадненняў. Неабходным таксама, па словах Папы, з’яўляецца вырашэнне складанай гуманітарнай сітуацыі, забяспечваючы, між іншым, доступ да гуманітарных місій пры садзейнічанні ўсіх бакоў, з мэтай паступовай разрадкі сітуацыі ў рэгіёне.
Адносна канфліктаў на Блізкім Усходзе, у прыватнасці ў Сірыі і Іраку, Папа Францішак і Уладзімір Пуцін пацвердзілі неабходнасць прыняцця тэрміновых мер для дасягнення міру, пры ўдзеле ўсёй міжнароднай супольнасці, і забеспячэння неабходных умоваў жыцця для ўсіх кампанентаў грамадства, уключаючы рэлігійныя меншасці, у прыватнасці хрысціян.
У якасці падарунку Прэзідэнт Расіі ўручыў Святому Айцу вышытую выяву храма Хрыста Збаўцы ў Маскве, а Папа Прэзідэнту – медальён з выявай Анёла супакою і асобнік Апостальскай адгартацыі “Evangelii gaudium”.
У той час як Пантыфік сустракаўся з Уладзімірам Пуціным, сакратар Святога Пасаду па адносінах з дзяржавамі арцыбіскуп Пол Рычард Галахер правёў сустрэчy з Міністрам замежных спраў Расійскай Федэрацыі Сяргеем Лаўровым.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|