Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа сустрэўся са старшынёй Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату
Святы Айцец
16.06.2015 14:43

15 чэрвеня ў Апостальскім палацы ў Ватыкане Папа Францішак сустрэўся са старшынёй Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату Мітрапалітам Іларыёнам. Мітрапаліт, які прабываў у Рыме з працоўным візітам 14-15 чэрвеня, перадаў Пантыфіку прывітанне ад Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла.

Суразмоўцы абмеркавалі шырокае кола пытанняў, уключаючы бядотнае становішча хрысціянскага насельніцтва Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі, а таксама неабходнасць сумесных дзеянняў для абароны традыцыйнага разумення сям’і ў сучасным секулярным грамадстве. Была закранута тэма супрацоўніцтва Каталіцкага Касцёла і Рускай Праваслаўнай Царквы ў сферы культуры.

У памяць аб сустрэчы Папа ўручыў Мітрапаліту Іларыёну і членам дэлегацыі Рускай Праваслаўнай Царквы медаль, адчаканены ў гонар яго пантыфікату. Cтаршыня Аддзела знешніх царкоўных сувязяў падарыў Пантыфіку копію старажытнай рускай іконы Збаўцы, напісаную клірыкам маскоўскага храма ў гонар іконы Божай Маці «Усіх смуткуючых Радасць» на Вялікай Ардынцы протадыяканам Аляксеем Труніным.

14 чэрвеня Мітрапаліт Іларыён сустрэўся са старшынёй Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству кардыналам Куртам Кохам. Бакі абмеркавалі розныя аспекты ўзаемадзеяння паміж Маскоўскім Патрыярхатам і Святым Пасадам.

Паводле сайта Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.