Раніцай 21 чэрвеня Папа Францішак маліўся ў архікатэдральным касцёле сталіцы П’емонта перад Турынскай плашчаніцай – палатном, у якое, у адпаведнасці ca шматвяковай традыцыяй, было загорнута цела Езуса Хрыста ў магіле.
Затым Пантыфік памаліўся перад рэліквіямі благаслаўлёнага П’ера Джорджыо Фрасаці, апекуна моладзі, студэнтаў, людзей гор і руху “Каталіцкая Акцыя”.
Пасля сустрэчы са “светам працы” на Каралеўскай плошчы Турына Папа ў адкрытым аўтамабілі праехаў у архікатэдру. Пры ўваходзе ў святыню Пантыфіка віталі спевам і апладысментамі. Спачатку Святы Айцец некалькі хвілін у цішыні маліўся перад Плашчаніцай, а затым – перад рэліквіямі благаслаўлёнага П’ера Джорджыо.
У архікатэдры прысутнічалі кляўзуровыя законніцы з розных кляштараў, размешчаных у Турынскай архідыяцэзіі, а таксама арцыбіскуп Турына на пенсіі кардынал Севярыно Палето, прадстаўнікі Канферэнцыі Біскупаў П’емонта, члены Камітэту па справах Турынскай плашчаніцы, асобы з абмежаванымі магчымасцямі і члены сям’і П’ера Джорджыо Фрасаці.
Пазней, перад малітвай “Анёл Панскі”, Папа, гаворачы пра Турынскую плашчаніцу, адзначыў, што “яна прыцягвае да аблічча і скатаванага цела Езуса і адначасова звяртае нас да аблічча кожнага пакутуючага і пераследаванага чалавека”. Плашчаніца, дадаў Пантыфік, з’яўляецца “іконай любові” Хрыста да людзей, і менавіта яна прывяла сёлета ў Турын такую вялікую колькасць людзей.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|