Да смелай пазіцыі адносна цяжкасцяў і творчага служэння, асабліва найбольш патрэбуючым, заклікаў моладзь 21 чэрвеня на плошчы «Vittorio» ў Турыне Папа Францішак. У сваім імправізаваным выступленні Пантыфік заклікаў маладых вернікаў да супрацьстаяння культуры геданізму і імкнення да чыстай любові.
На плошчы прысутнічалі маладыя католікі з усёй Італіі, якія сабраліся на двухдзённым форуме «Turin For Young».
Адбыўся жывы дыялог паміж Пантыфікам і маладымі людзьмі. Адказваючы на першае пытанне 19-гадовай выпускніцы з абмежаванымі магчымасцямі К’яры Ваньёні, што такое веліч любові Езуса і як мы можам адчуць яе, Папа адзначыў, што яна праяўляецца больш у фактах, чым у словах. Пантыфік дадаў, што любоў не дазваляе выкарыстоўваць іншага чалавека. «Будзьце чыстыя. Гэта цяжкая цнота, але яна з’яўляецца доказам сапраўднай любові, якая не выкарыстоўвае іншага для свайго задавальнення», — сказаў Святы Айцец.
Папа падзякаваў 27-гадовай беспрацоўнай Сары Амодзіа, якая задала пытанне, што рабіць, каб не адчайвацца і не згубіць надзею. Святы Айцец адзначыў, што часта мы адчуваем расчараванне, калі думаем пра войны, і раскрытыкаваў крывадушнасць хрысціян, якія ўзбагачаюцца на гандлі зброяй. Папа звярнуў увагу на абыякавасць свету адносна злачынстваў мінулага: разні армян стагоддзе таму, трагедыі Халакоста, савецкіх лагераў, падзелу Еўропы з боку вялікіх дзяржаў. Пантыфік нагадаў, што сёння мы з’яўляемся сведкамі адмовы ад ненароджаных дзяцей, ад пажылых людзей (калі маем справу са схаванай эўтаназіяй), ад маладых людзей, якія не маюць працы. Святы Айцец адзначыў, што прычынай гэтага зла з’яўляецца сістэма, якая не прызнае за чалавекам цэнтральнага месца, усё базуючы на грошах.
У адказ на трэцяе пытанне 26-гадовага студэнта інжынернага факультэта Луіджы Капэла, які папрасіў вызначыць шляхі сяброўства з Езусам, Папа падкрэсліў, што гаворка ідзе пра план дзялення і стварэння. Святы Айцец заклікаў тварыць разам з патрабуючымі, развіваць адукацыю, якая вызваляе ад пачуцця расчаравання, супрацьстаяць распаўсюджаным схемам, не ўпадаць у залежнасць ад культуры «мыльных бурбалак», удзельнічаць у канструктыўных планах, што з’яўляецца лепшым проціяддзем ад культуры пагоні за задавальненнем. «Плывіце супраць плыні! Будзьце смелымі і творчымі», — звярнуўся да моладзі Папа, а таксама паўтарыў словы благаслаўлёнага П’ера Джорджыо Фрасаці: жывіце, а не проста існуйце!
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|