Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Візіт у Турын стаў для Папы Францішка вяртаннем дадому
Святы Айцец
22.06.2015 15:33

Вельмі асабістым стаў для Папы Францішка візіт у турынскі касцёл св. Тэрэзы, дзе ў 1907 г. адбыўся шлюб яго дзядулі і бабулі Джавані Берголіо і Розы Васала і дзе ў 1908 г. быў ахрышчаны яго бацька Марыа. Пантыфік жадаў такім чынам прадэманстраваць вялікае значэнне сям’і за некалькі месяцаў перад Сінодам Біскупаў, які будзе прысвечаны гэтай тэме.

У касцёле, дзе нарадзілася сям’я яго продкаў, Папа маліўся за ўсе сужэнствы і за поспех прац кастрычніцкай асамблеі, гаворыцца ў спецыяльнай заяве Прэс-службы Апостальскай Сталіцы.

Папа вельмі шчаслівы і задаволены цёплым прыёмам у Турыне, які выйшаў далёка за рамкі яго чаканняў, паведаміла таксама Прэс-служба. Кожная сустрэча была для Святога Айца вельмі важнай. Больш за тое, візіт у Турын стаў для Пантыфіка вяртаннем дадому, і раней, калі з Буэнас-Айрэса ён прыязджаў у Італію, то кожны раз адпраўляўся сюды.

22 чэрвеня ў сядзібе арцыбіскупа Турына Папа сустрэўся са сваякамі — шасцю сваімі стрыечнымі братамі і іх сем’ямі. Яны прысутнічалі на святой Імшы, якую ўзначаліў Пантыфік, і паабедалі з ім.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.